Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Іўеўскага дэканату ў Тракелі: “Пілігрымка прынесла нам карысць”

iue3 1

Дзень трэці. Геранёны – Тракелі

Сённяшні дзень добра запомніўся кожнаму пілігрыму. Ён стаў лагічным завяршэннем усёй нашай пілігрымкі.

Мы распачалі гэты дзень малітвай у геранёнскай святыні, дзе атрымалі благаслаўленне ад пробашча, а пазней вырушылі да Маці. Ужо на пачатку сённяшняга шляху нас зноў напаткаў дожджык, але ён не быў для нас перашкодай да сустрэчы ў Маці.

Вялікай радасцю для кожнага пілігрыма было тое, што да нас далучыўся біскуп Уладзімір. Пілігрымы вельмі гучна прывіталі яго. Біскуп звярнуўся да нас са сваім словам, заўважыўшы, што мы з’яўляемся пілігрымамі надзеі, і адказаў на нашыя пытанні.

Наступнай часткай дня стаў Крыжовы шлях, які прайшлі як дзеці, так і старэйшыя. Ідучы шляхам Хрыста, кожны мог перагледзець сваё жыццё. У дарозе пілігрымы шукалі камяні – сімвал сваіх грахоў, якія ў канцы Крыжовага шляху паклалі да падножжа крыжа. Пасля таго, як мы ўсталявалі крыж, быў смачны абед і вялікі перапынак, падчас якога кожны мог папрасіць прабачэння ў іншага і падзякаваць сваім сябрам.

iue3 2

Пасля абеду нам засталося крочыць няшмат, таму зусім хутка мы былі ў Тракелях. Да Маці мы прыйшлі першымі, таму мелі добрую магчымасць прынесці да абраза свае інтэнцыі. Кульмінацыяй гэтага дня стала святая Імша для пілігрымаў, на якой біскуп Андрэй Зноска яшчэ раз падкрэсліў сэнс пілігрымавання.

Падводзячы вынік гэтых трох дзён, варта зазначыць, што гэты час прынёс карысць кожнаму. Кожны ішоў з нейкай інтэнцыяй, і мы верым, што праз заступніцтва Маці Божай Тракельскай Усемагутны Бог выслухаў нашыя просьбы, падзякі і перапрашэнні.

Дзякую кожнаму арганізатару гэтай пілігрымкі, а асабліва дзякую вам, любыя пілігрымы, што былі побач, што былі пілігрымамі надзеі. У гэтым годзе нас было 150 чалавек з розных куткоў Беларусі, ад малога да вялікага (3-86 гадоў), і маем надзею, што ў наступным годзе колькасць нашых пілігрымаў будзе толькі павялічвацца.

Да сустрэчы праз год у 29-й пешай пілігрымцы Іўе – Тракелі!

9 ліпеня з Лаздун выйшла пешая пілігрымка Іўеўскага дэканату на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Маршрут: Лаздуны – Дуды – Іўе – Суботнікі – Геранёны – Тракелі.

Раман Буднік