З 27 па 29 кастрычніка ў в. Жупраны (Ашмянскі дэканат) адбыўся з’езд міністрантаў салезіянскіх парафій Касцёла на Беларусі. У сустрэчы ўдзельнічалі міністранты з саміх Жупран, Смаргоні, Бараўлян і Мінска – у цэлым 43 чалавекі.
Адказнымі за з’езд былі ксяндзы салезіяне Артур Ляшнеўскі і Аляксандр Мятліцкі.
У першы дзень сустрэчы адбыліся інтэграцыйная забава, адарацыя ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце і гульня.
Праграма наступнага дня ўключала гульню “Арыентаванне на мясцовасці”, у якой удзельнікі па мапах, падказках і фотаздымках шукалі ў ваколіцах Жупран адпаведныя кропкі. Кульмінацыяй было знаходжанне месца, дзе быў закапаны скарб. Потым адбыўся квэст “Пошук скрадзенага абраза”, у якім можна было адчуць сябе сапраўднымі дэтэктывамі і дзякуючы доказам і падказкам знайсці страчаны абраз.
Пасля забаваў хлопцы ўдзельнічалі ў святой Імшы, на якой кс. Артур пазнаёміў іх з асобамі апосталаў Юды Тадэвуша і Сымона.
У нядзелю міністранты ўдзельнічалі ва ўрачыстай цэлебрацыі Эўхарыстыі разам з жупранскімі парафіянамі. У гаміліі кс. Аляксандр распавёў аб тым, якой важнай з’яўляецца святыня, і тым, што трэба аддана служыць ёй.
Сустрэча завяршылася падвядзеннем вынікаў і памятным фотаздымкам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі