3 лістапада, у актаву малітваў за памерлых, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Эўхарыстыя ў інтэнцыі спачылага духавенства Гродзенскай дыяцэзіі.
На Імшы сабраліся канонікі катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, іншыя святары, сёстры законныя і вернікі, якія сваёй малітвай хацелі выказаць удзячнасць за дабро, спазнанае ў жыцці ад духоўных асобаў.
Літургію ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч i прэзбітэры.
Біскуп Кашкевіч прывітаў усіх прысутных і падкрэсліў, што наша малітва – найцудоўнейшы выраз клопату аб памерлых, якіх мы даручаем Божай міласэрнасці і сярод якіх таксама святары, што ўдзялялі сакрамэнты і былі слугамі алтара.
З гаміліяй да прысутных звярнуўся віцэ-канцлер біскупскай курыі ў Гродне кс. канонік Антоній Грэмза. Ён нагадаў, што за апошні час з шэрагаў прэзбітэрыя Гродзенскай дыяцэзіі адышоў у вечнасць кс. прэлат Антоній Філіпчык, які шмат гадоў быў пробашчам парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску.
Акрамя таго, ксёндз канонік нагадаў, што сёлета адзначаецца 80-я гадавіна смерці святароў, якія служылі ў Гродне: капелана сясцёр назарэтанак і прэфекта школ кс. Юстына Скакоўскага, вікарыя гродзенскай Фары кс. Казіміра Шыпілы, гвардыяна гродзенскага францішканскага кляштара а. Дыянізія Клімчака. Яны прынялі мучаніцкую смерць з рук гітлераўцаў падчас Другой сусветнай вайны на Фартах у Навумавічах нёдалёка ад горада над Нёманам.
Ксёндз Антоній заахвоціў вернікаў спадарожнічаць сваім святарам малітвай, каб іх штодзённае служэнне было плённым, а таксама памятаць пра тых, якія пераступілі парог вечнасці.
У канцы Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ведаў многіх святароў, што рупліва служылі на Гродзеншчыне, адзначыў, што яны ўнеслі вялікі ўклад у адраджэнне Каталіцкага Касцёла на нашай зямлі.
Іерарх пажадаў, каб памяць пра гэтых святароў, апосталаў нашых часоў, якія неслі служэнне ў цяжкія для абвяшчэння Евангелля часы, ніколі не згасала ў верным людзе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Яўген Занеўскі