4 кастрычніка парафіяльная супольнасць Найсвяцейшай Тройцы і св. Францішка Асізскага ў Свіслачы (Бераставіцкі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Францішка. Парафію наведаў у гэты дзень арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Культ святога Францішка жывы ў гэтай парафіі, таму што ў ёй некалькі гадоў служаць айцы францішкане.
На святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч, сабраліся шматлікія парафіяне і духавенства. Пробашч а. Антоні Пажэцкі OFMConv прывітаў усіх прысутных і запрасіў да супольнай малітвы.
Арцыбіскуп у гаміліі прадставіў асізскага бедняка і заснавальніка ордэна францішканаў не толькі як вядомага дабрадзея, сябра ўсіх Божых стварэнняў, аматара прыроды, але і як вялікага рэфарматара Касцёла і адпаведную асобу, дадзеную чалавецтву Богам у адпаведны час для выканання адпаведнай місіі. Іерарх нагадаў, што ў часы, калі хрысціянства перажывала маральны крызіс і распаўсюджваліся секты, Францішак сваімі пропаведзямі і прыкладам жыцця паказаў міласэрнага Хрыста і перамяніў хрысціянства ў народную рэлігію.
На прыкладзе легенды пра прымірэнне святым Францішкам ваўка з жыхарамі вёскі арцыбіскуп падкрэсліў, што прабачэнне і дыялог вядуць да ўсталявання міру паміж бакамі канфлікту, чаго так не хапае сучаснаму свету. Прыклад Францішка паказвае, што сілы для гэтага неабходна браць з Евангелля і жыць праўдай Божага слова, адзначыў іерарх.
“Калі мы хочам зрабіць свет лепшым, неабходна пачаць з саміх сябе і такім чынам уплываць на іншых”, – сказаў арцыбіскуп. Ён дадаў, што “Евангелле найбольш эфектыўна абвяшчаюць не магутныя арганізацыі, а паасобныя людзі, якія перадаюць яго іншаму чалавеку” – “нездарма святы Францішак казаў, што неабходна распачынаць з таго, што патрэбна, потым рабіць тое, што магчыма, і ў рэшце рэшт зробім немагчымае”.
Па словах арцыбіскупа, ідэі гэтага святога актуальныя і ў наш час, праз яго прыклад Хрыстус абвяшчае Евангелле таксама і сённяшняй эпосе ў часы вельмі небяспечных выклікаў і заняпаду веры. Іерарх звярнуў увагу на тое, што “людзі фармату святога Францішка патрэбны сучаснаму свету і Касцёлу з мэтай іх духоўнага рэфармавання, каб будаваць мірную будучыню на прынцыпах Евангелля”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі