Skip to main content

Ксёндз Андрэй Юхнік цэлебраваў у сваёй роднай парафіі прыміцыйную Імшу

primicja juchnik 1724 верасня ксёндз Андрэй Юхнік, які днём раней прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу ў сваёй роднай парафіі Святой Сям’і ў Лідзе.

Пасвячэнне ўдзяліў яму біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. 

У першай Эўхарыстыі неапрэзбітэра ўдзельнічалі яго шматлікія блізкія, сябры, знаёмыя, а таксама духавенства, кансэкраваныя асобы, вернікі парафіі.

Перад Імшой кс. Андрэй атрымаў у сваім родным доме бацькоўскае благаслаўленне на пачатак святарскага шляху. Затым яго ў традыцыйным дубовым вянку правялі ва ўрачыстай працэсіі ў святыню.

Малады святар цэлебраваў літургію ў інтэнцыі падзякі за дар паклікання да Божага служэння, а таксама за людзей, якія дапамагалі яму распазнаць і развіваць гэтае пакліканне.

primicja juchnik 4

У гаміліі пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый для Лідскага рэгіёна Гродзенскай дыяцэзіі, казаў пра сэнс сакрамэнту пасвячэння. Святар падкрэсліў, што гэты сакрамэнт пакідае на асобе таго, хто яго прымае, незнішчальны след і дае паўнамоцтвы, якія бясконца пераўзыходзяць усе натуральныя здольнасці чалавека.

Біскупскі вікарый заахвоціў неапрэзбітэра імкнуцца да таго, каб усё яго жыццё стала служэннем людзям, да якіх ён будзе пасланы, і пажадаў з вялікай адвагай і стараннасцю выконваць абавязкі, якія вынікаюць з пасвячэння.

primicja juchnik 29

У канцы літургіі кс. Андрэй падзякаваў усім, хто суправаджаў яго на шляху да алтара, асаблівым чынам узгадаўшы тых, хто не дачакаўся гэтай радаснай хвіліны: памерлых бабулю і дзядулю, а таксама былога пробашча парафіі Святой Сям’і ксяндза каноніка Юзафа Ганьчыца, які адышоў у вечнасць у 2020 годзе і чыё служэнне было натхненнем для будучага неапрэзбітэра.

Імша завяршылася благаслаўленнем, якое кс. Андрэй удзяліў усім прысутным.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Аляксей Ціхан