24 верасня ў аграгарадку Першамайск (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат) 100-годдзе адзначыла парафія Узвышэння Святога Крыжа.
Адмыслова да юбілею была падрыхтавана прэзентацыя пра гісторыю Першамайскай супольнасці. Удзельнікі свята даведаліся пра лёс парафіі, пра будаўніцтва мураванага касцёла, а таксама імёны душпастыраў, якія служылі тут на працягу стагоддзя.
Напрыканцы мерапрыемства парафіяне падзякавалі ўсім ахвярадаўцам, дзякуючы якім Божы дом знаходзіцца ў добрым стане і з кожным годам становіцца прыгажэйшым.
У юбілейных урачыстасцях ўзяў удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, якога да імя першамайскіх вернікаў прывітаў іх цяперашні душпастыр ксёндз Юрый Кузьміч, дэкан Шчучынскі. Святар запрасіў пастыра дыяцэзіі ўзначаліць урачыстую цэлебрацыю святой Імшы і ўдзяліць мясцовым вернікам сакрамэнт канфірмацыі.
Да 1920 года жыхары Сабакінцаў (цяпер Першамайск) не мелі ўласнай святыні. Мясцовыя вернікі адносілся да Забалацка-Сабакінскай парафіі і былі вымушаны дабірацца да касцёла ў Забалаці, які знаходзіцца на вялікай адлегласці ў Воранаўскім раёне. З часам у людзей узнікла ідэя пабудаваць свой касцёл або капліцу. Парафіяне з Сабакінцаў пайшлі з прашэннем да мясцовай улады аб выдзяленні ім якога-небудзь будынка. У выніку атрымалі дазвол: ім перадалі склад, што знаходзіўся ў больш прыдатным стане.
У 1923 годзе з’яўляецца касцёл пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа і парафія, якая пачынае называцца Сабакінскай.
У 1925 годзе быў арганізаваны камітэт пабудовы мураванага касцёла. Тэрыторыю для святыні ахвяраваў уладальнік маёнтка Сабакінцы Станіслаў Крыдаль. Новую святыню пасвяціў арцыбіскуп Віленскі Рамуальд Ялбжыкоўскі 17 кастрычніка 1938 года.
У савецкія часы касцёл пэўны час быў зачынены, і на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя распачалося адраджэнне парафіяльнага жыцця і аднаўленне сваятыні.