Skip to main content

У Гродне распачалася перэгрынацыя абразоў сясцёр-мучаніц з Навагрудка

perigrinacja 4У нядзелю 17 верасня ў будынку пабрыгіцкага кляштара ў Гродне распачалася перэгрынацыя абразоў благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка.

Пачаткам перэгрынацыі была святая Імша ў пабрыгіцкім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Пасля ўсе, хто прыйшоў ушанаваць святых нашай зямлі, накіраваліся ў канферэнц-залу пры кляштары.

Рэктар касцёла кс. канонік Антоній Грэмза звярнуўся да прысутных са словамі прывітання, узгадаўшы пра вялікае значэнне гераічнасці ахвяры мучаніц, якія адзін з этапаў сваёй манаскай фармацыі праходзілі ў Гродне, дакладна ў тым месцы, дзе праходзіць цяпер перэгрынацыя.

Затым прысутных прывітаў пробашч парафіі св. Арханёла Міхала ў Навагрудку кс. доктар Юрый Жэгарын, які разам з навагрудскімі вернікамі прывёз абразы. Святар распавёў гісторыю стварэння абразоў, а таксама пра тых, дзякуючы каму сёстры-мучаніцы з’явіліся ў Навагрудку.

Самым змястоўным быў аповед сястры Кляры CSFN, якая пазнаёміла прысутных з асобай кожнай з мучаніц. На заканчэнне арганізатары заахвоцілі ўсіх гродзенцаў да наведвання перэгрынацыі.

Перэгрынацыя будзе працягвацца больш чым месяц у пабрыгіцкім кляштары па вул. К. Маркса, 27 (уваход з боку будынка пошты).

Апалінарый Шалімовіч