Skip to main content

Рэкалекцыі для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі прайшлі ў Тракелях

swiatary trokiele 5З 29 па 31 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыліся рэкалекцыі для святароў Гродзенскай дыяцэзіі “Марыя, якая яднае людзей”.

Рэкалекцыі – духоўныя практыкаванні, патрэбныя для аднаўлення рэлігійнага жыцця.

На працягу трох дзён удзельнікі рэкалекцый былі “ў дарозе” паклікання і навяртання разам з Божай Маці Марыяй, якая яднае людзей.

Цэнтральнай падзеяй у праграме кожнага дня была Эўхарыстыя. Праграма ўключала адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітву Літургіі гадзінаў, Нешпары, канферэнцыі і братэрскія сустрэчы.

У першы дзень рэкалекцый разглядалася тэма “Святарская салідарнасць”. Увага была звернута на тое, што салідарнасць – не пачуццё і не абавязак, а ўнутраная спалучанасць, згуртаванасць, калі група людзей імкнецца да адной і той жа мэты, аказваючы адзін аднаму падтрымку і ўзаемадапамогу.

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч на рэкалекцыях заклікаў усіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, да салідарнасці, супрацоўніцтва і пошуку заўсёды новых душпастырскіх рашэнняў. “Сёння мы маем вялікую патрэбу ў адзінстве ў Касцёле і свеце. Касцёл павінен быць домам і школай адзінства”, – адзначалася ў межах духоўных практыкаванняў.

swiatary trokiele 11

Другі дзень рэкалекцый быў прысвечаны тэме ўдзелу ў жыцці дыяцэзіі.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падкрэсліў, што “духоўнасць непарыўна звязана з пастырскім служэннем Божаму народу, таму пастыры павінны заглыбляцца ў жыццё сваіх супольнасцяў, жыць іх радасцямі і смуткамі, чаканнямі і надзеямі”. Акрамя таго, па словах іерарха, важна ўмацоўваць узаемныя братэрскія адносіны, удзельнічаючы ў жыцці дыяцэзіяльнага Касцёла, і быць у адзінстве з біскупам.

Арцыбіскуп адзначыў, што “Касцёлу патрэбны святыя святары – добрыя пастыры, якія будуць сведчыць іншым пра тое, што вялікая радасць жыць выключна для Айца, браць на сябе місію і ахвяру Хрыста, любоўю будаваць новы свет”. Іерарх дадаў, што “святар пакліканы да служэння на хвалу Божую для збаўлення душ”.

У трэці дзень удзельнікі рэкалекцый разважалі над тэмай “Маці Божая вядзе святароў да святасці”. Панне Марыі, духоўнай Маці святароў, былі даручаны ўсе святарскія сэрцы, каб Яе любоў напоўніла іх і дапамагла адказваць усім сваім жыццём на дар, дадзены ім.

На рэкалекцыях было выказана пажаданне, каб кожны святар быў для сучаснага свету знакам любові, якая дае жыццё, вядзе іншых да хвалы неба, усё перамагае, нясе радасць і надзею. Былі ўзгаданы словы святога Аўгустына, што любоў не ўмее існаваць без учынкаў у сэрцы таго, хто любіць; яна заўсёды прадугледжвае адрачэнне ад сябе, “страту самога сябе”, і менавіта праз гэта робіць усіх шчаслівымі. Удзельнікі духоўных практыкаванняў маглі ўспомніць аб тым, што, каб дайсці да неба, патрэбныя чыстасць сэрца і любоў да Бога.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі