12 жніўня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) у якасці падрыхтоўкі да ўрачыстасці Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных распачалася Навэнна да Маці Божай Барунскай. Урачыстасць адбудзецца ў Барунах 14 кастрычніка.
Навэнна будзе праходзіць па суботах на працягу дзевяці тыдняў да 7 кастрычніка ўключна. Да ўдзелу ў ёй запрошаны святары і вернікі Гродзенскай дыяцэзіі. Кожная субота ў межах гэтых тыдняў умоўна прызначана для пэўных дэканатаў дыяцэзіі.
Першымі для ўдзелу ў навэнне прыбылі духоўныя асобы і вернікі з блізкіх і далёкіх вёсак Ашмянскага дэканату. Малітвы пачаліся Ружанцам пад кіраўніцтвам гальшанскіх парафіян на польскай, беларускай і лацінскай мовах.
На пачатку святой Імшы дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына сардэчна прывітаў прысутных і выказаў Маці Божай падзяку за абранне Ёю гэтага месца, за ўсе ласкі, якія Яна выпрасіла для людзей у Бога, за апеку і суцяшэнне, а таксама нагадаў пра мінулагоднія ўрачыстасці 100-годдзя з часу вяртання ў Баруны цудадзейнага абраза.
Сёлета святкуецца 330-годдзе з часу прызнання абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, а цудаў, якія адбыліся перад ім, – праўдзівымі. Дакумент аб гэтым уласнаручна падпісаў 2 лютага 1693 года грэка-каталіцкі мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі пасля дакладнага разгляду даследаванняў аб аб’яўленнях, цудах, аздараўленнях хворых і іншым.
У гаміліі ксёндз Ян сказаў: “З пашанай і пакорай трэба прасіць у Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы засмучаных дапамогі, суцяшэння і палёгкі ва ўсіх сваіх патрэбах і цярпеннях. Прасіць, каб дапамагла нам не клапаціцца празмерна аб памнажэнні матэрыяльнага багацця і не прывязвацца да яго, а найперш шукаць духоўных дабротаў, якія ўзбагацяць нашыя душы і дапамогуць дасягнуць нябеснага валадарства”.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. Павел Паўлюкевіч падзякаваў удзельнікам літургіі за прысутнасць і малітву і заахвоціў да супольнай малітвы на працягу дзевяці субот.
Станіслава Якубель, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі