Skip to main content

Рэліквіі і абразы назарэтанак-мучаніц унеслі ў навагрудскі касцёл св. Арханёла Міхала

muczanicy ng 1329 ліпеня ў касцёл св. Арханёла Міхала ў Навагрудку былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, навагрудскіх мучаніц, і іх абразы, намаляваныя вядомымі беларускімі мастакамі-партрэтыстамі.

Унясенне рэліквій здзейсніла правінцыяльная настаяцельніца сясцёр назарэтанак у Беларусі с. Філатэя Ціхановіч разам з с. Лаўрай Шукеловіч, якая распавяла гісторыю навагрудскіх пакутніц.

Літургію, на якой адбылася цырымонія ўнясення рэліквій у святыню, узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

muczanicy ng 8

Як падкрэсліў арцыбіскуп у гаміліі, навагрудскія назарэтанкі паўтарылі сваім подзвігам словы Хрыста, што няма большай любові, чым калі хтосьці аддае сваё жыццё за бліжніх.

Прыклад гэтых мучаніц, па словах іерарха, быў вельмі важным у часы пераследу веры, дапамог дачакацца яе адраджэння, духоўна ўмацоўваў многіх, сведчанне чаму – ахвярная і небяспечная праца сясцёр назарэтанак у тыя часы.

Моцны дух веры даў ім унутраны супакой, каб аддаць сябе ў рукі Бога, нягледзячы на відавочную небяспеку смерці, сказаў арцыбіскуп. Ён назваў іх “мучаніцамі крыві, пралітай за вызнанне веры, любові да Бога і бліжняга, якая перамяняе нашу гісторыю, заплямленую злом, у гісторыю збаўлення, закваску надзеі і дабра”. “Калі вакол панавала зло вайны, якая не шкадуе нікога, забівае і разбурае, нясе маральнае і фізічнае зло, яны паказалі прыклад крэатыўнай любові”, – дадаў іерарх.

muczanicy ng 6

Па словах арцыбіскупа, унясенне іх рэліквій у навагрудскі касцёл будзе служыць распаўсюджванню іх культу, нагадваць пра абавязак любіць Бога і бліжняга, змагацца за мір, спяшацца чыніць дабро.

Арцыбіскуп адзначыў, што мучанікі – “сапраўдны скарб для сучаснага свету, у якім відавочны дэфіцыт любві”; “яны паказваюць, што любоў заўсёды перамагае зло”, “заахвочваюць мужна пераносіць праблемы штодзённага жыцця”.

Іерарх нагадаў, што сведчанне прамаўляе мацней за слова і што важна быць сведкамі хрысціянства не толькі на малітве і ў святыні, але і ў штодзённасці. У канцы гаміліі ён папрасіў навагрудскіх мучаніц дамапагаць сучасным хрысціянам быць актыўнымі сведкамі сваёй веры, бараніць і распаўсюджваць яе, выяўляць на практыцы любоў да Бога і бліжняга, а таксама папрасіў, каб як мага больш людзей прытрымлівалася прынцыпаў Евангелля для будаўніцтва цывілізацыі жыцця, міру і любові.

Пасля Імшы сем’і з Навагрудка ў знак удзячнасці мучаніцам за тое, што яны ахвяравалі сваім жыццём дзеля ўратавання бліжніх, урачыста ўнеслі ў касцёл іх абразы, якія затым благаславіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Святыя выявы прадстаўляюць, акрамя сястры Стэллы і яе паплечніц, тых асобаў, якія былі звязаныя з гэтай манаскай кангрэгацыяй і яе пачаткамі: с. Малгажату, якая цудам уратавалася ад расстрэлу, слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, першага ардынарыя новаабвешчанай Пінскай дыяцэзіі, кс. Аляксандра Зянкевіча, спаведніка сясцёр-мучаніц, і падлетка, парэшткі якога знайшлі пры эксгумацыі ў магіле разам з парэшткамі назарэтанак. Апошні, як мяркуецца, быў нявольным сведкам іх забойства або быў прымушаны гестапа капаць магілу для расстраляных.

muczanicy ng 17

У канцы вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі.

Урачыстасць аздобіў спевам хор “Verum Cantum” з Мінска. Таксама на ёй прысутнічалі мастакі-жывапісцы, якія ўдзельнічалі ў пленэры, прысвечаным манахіням-пакутніцам з Навагрудка.

Памаліцца праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц і ўбачыць іх выявы можна будзе на працягу некалькіх бліжэйшых тыдняў у касцёле св. Арханёла Міхала ў нядзелю з 9.00 да 19.00, у аўторак з 7.30 да 16.00, у іншыя дні тыдня з 10.00 да 19.00.

Дамінік Запаснік, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Кацярына Гардзеева