23 ліпеня ля крыніцы святога Якуба ў вёсцы Тракелі на тэрыторыі парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (Астравецкі дэканат) адбылася традыцыйная адпустовая ўрачыстасць.
Урачыстасць сабрала шматлікіх вернікаў парафіі і наваколля. Імшу, на якой 12 дзяцей упершыню прынялі ў святой Камуніі Пана Езуса, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Звяртаючыся да прысутных у гэтым выключна цудоўным месцы, з якога будуць пачынацца пілігрымкі з Беларусі праз краіны Еўропы да рэліквій святога Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі, біскуп адзначыў: “Тут мы, сапраўды, можам атрымаць шмат узнёслых перажыванняў: ад прыгажосці прыроды, блізкасці Бога, духоўнай падтрымкі, а таксама жывой супольнасці людзей, якую ўсе разам утвараем”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што з гэтага месца да людзей сёння звяртаецца з важным пасланнем Пан Бог праз Апостала Якуба, культ якога вельмі жывы асабліва тут і ва ўсёй парафіі ў Дайлідках.
“Гэта гарачае заахвочванне да таго, каб ісці праз жыццё з надзеяй і верай. Каб ва ўсё больш цяжкай штодзённай рэчаіснасці даверліва крочыць за Езусам Укрыжаваным і Уваскрослым”, – сказаў біскуп.
“Не будзем сумаваць, калі прыйдуць цяжкія хвіліны, выкліканыя нашым грахом ці слабасцю. Не будзем адварочвацца ад Бога, асабліва калі будзе здавацца, што Ён не выслухоўвае нашых просьбаў. Будзем ісці з верай, што менавіта гэтыя хвіліны выпрабавання – нагода да таго, каб зноў пачаць шукаць Бога ў штодзённасці”, – заклікаў іерарх.
На ўрачыстасці біскуп адзначыў вялікія заслугі пробашча мясцовай парафіі ксяндза Алега Шпеня, дзякуючы клопату і старанням якога было адноўлена старадаўняе месца культу – крыніца святога Якуба.
Акрамя таго, кс. Алег Шпень разам з вернікамі са станцыі Ашмяны зрабіў са старой калгаснай сталовай першы ў Беларусі касцёл у гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Святыню благаславіў 28 верасня 2019 г. у прысутнасці шматлікага духавенства і вернікаў біскуп Гродзенскі.
У знак прызнання вялікіх заслугаў ксяндза Алега перад Касцёлам на Гродзеншчыне біскуп Аляксандр Кашкевіч сваім дэкрэтам прызначыў яго ганаровым канонікам Гродзенскага катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота мае ілюстрацыйны характар