25 чэрвеня ў парафіі св. Станіслава ў вёсцы Ляцк (Шчучынскі дэканат) дзеці прыступілі да Першай Камуніі.
Першы раз прынялі ў свае сэрцы Пана Езуса Хрыста ў агульнай колькасці дзевяць дзяцей.
На працягу двух гадоў яны рыхтаваліся на ўроках катэхезы да гэтай вялікай i важнай у сваім жыцці падзеі.
Калі настаў дзень Першай Камуніі, дзеці з хваляваннем i слязьмі на вачах атрымалі благаслаўленне ад бацькоў, а затым ад пробашча парафіі кс. Уладзіміра Аксенцьева, які акрапіў іх святой вадой i ўрачыста ўвёў у касцёл. Затым пачалася святая Імша, у якой дзеці разам з бацькамі прымалі актыўны ўдзел: чыталі літургічныя чытанні, спявалі, узносілі да Бога свае просьбы ў малітве верных.
Пробашч у гаміліі звярнуў увагу дзяцей на тое, які важны і цудоўны гэты дзень у іх жыцці. Святар параўнаў іх жыццё з морам. Каб плыць па гэтым моры ў лодцы, неабходны ў першую чаргу вёслы, а таксама парус, сказаў ён. Вёсламі, якія дапамагаюць плыць у лодцы па жыццёвым моры, пробашч назваў Цела i Кроў Пана Езуса, якія дзеці ўпершыню прымаюць у гэты дзень: менавіта Езус дапамагае кожнаму плыць у правільным напрамку, i чалавек, які моцна трымаецца Яго ў сэрцы, ніколі не загіне. Парусам жа, па словах святара, для дзяцей стане сакрамэнт канфірмацыі, да якога яны прыступяць пазней.
Пробашч дадаў, што важна прабываць з Богам i сілкавацца Целам Яго Сына Езуса Хрыста як у гэты дзень, так і на працягу ўсяго жыцця.
Па традыцыі спачатку да святой Камуніі прыступілі дзеці, а затым іх бацькі. Прыгожай i ўрачыстай была сцэна паяднання з Богам цэлых сем’яў, калі кожны член сям’і адклаў усе справы і прысвяціў час толькі Пану, калі на Эўхарыстыі прысутнічалі і бацькі, і дзеці, з надзеяй на тое, што гэты дзень зменіць штосьці да лепшага, наблізіць ycix да Хрыста. Падобны супольны ўдзел у літургіі бацькоў і дзяцей, на жаль, назіраецца рэдка.
Пасля Імшы бацькі i дзеці падзякавалі ксяндзу Уладзіміру за яго адданую і шчырую працу, а таксама выказалі словы падзякі яго маці Яўгеніі за тое, што яна выхавала такога дастойнага, добрага сына і аддала яго на службу Богу i людзям. Пробашч, у сваю чаргу, уручыў дзецям падарункі з нагоды Першай Камуніі.
Пасля ўрачыстасці Першай Камуніі пачаўся “белы тыдзень”, на працягу якога дзеці ўдзельнічалі ў святой Імшы i таксама атрымлівалі ад пробашча сувеніры на памяць пра гэтую падзею.
Самым жа дарагім падарункам для ўсіх дзяцей стала, можна спадзявацца, Цела Езуса Хрыста, бо з таго дня, як яны прынялі Яго ў свае чыстыя сэрцы, Ён пасяліўся ў ix i будзе прабываць там i спадарожнічаць ім на працягу ўсяго іх жыцця.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі