З 7 па 9 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралеы нашых сем’яў адбыліся штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай. Сёлета адметнасцю фэсту стала масавае аднаўленне пешага паломніцтва вернікаў на яго пасля перапынку, выкліканага пандэміяй канаравірусу. У Тракелі прыйшла і 26-я пешая пілігрымка Іўеўскага дэканату.
Раман Ярмош, удзельнік пілігрымкі Іўеўскага дэканату – так званай “тракелянкі”, – прапануе свае разважанні з нагоды аднаўлення пешых пілігрымак, лічачы яго своеасаблівым “будзільнікам” для адказнасці свецкіх вернікаў, якая на некаторы час “заснула”:
Прайшоўшы шлях працягласцю ў 70 кіламетраў з думкаю аб тэматыцы пастырскага года ў Касцёле на Беларусі, прысвечанай апостальству свецкіх вернікаў, хачу падзяліцца бачаннем таго, як пілігрымка прывівае і абуджае адказнасць за Касцёл.
Да пачатку пандэміі каранавірусу пілігрымка Іўеўскага дэканату ішла праз усе яго парафіі, наведваючы кожны касцёл. Бачачы жыццё вёсак, пілігрымы мелі магчымасць параўноўваць яго з тым, якім бачылі яго раней. Трэба зазначыць, што і падчас “кавіду” паломніцтва не прыпынялася, толькі на тры гады “перасела” на ровар і памяняла свой маршрут.
З упэўненасцю хачу заўважыць, што на Іўеўшчыне не знойдзеш католіка (ды і не толькі), які б не чуў пра “тракелянку”. На працягу 23 гадоў пешае паломніцтва да Маці Божай Тракельскай, паказаўшы прыклад веры, сфарміравала своеасаблівыя традыцыі. У кожным мястэчку, кожнай вёсцы вернікі штогод добразычліва і цёпла сустракалі пілігрымаў ля прыдарожных крыжоў. Зразумела, што кожны населены пункт сустракаў па меры сваіх магчымасцяў: у аграгарадках, большых вёсках – вялікімі групамі, у маленькіх ці на хутарах – па некалькі чалавек. Але важным момантам заўсёды было тое, што кожны стараўся паднесці кубак вады ці прыгатаванага сваімі рукамі кампоту, пачаставаць хатняй выпечкай, падрыхтаваць у цяньку месца для адпачынку. І на ўсё гэта вясковыя людзі ў “гарачую” летнюю пару знаходзілі час. Адразу ўзгадвалася Евангелле паводле Мацвея: “І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй”.
Не менш яркім прыкладам супольнай працы свецкіх вернікаў з’яўляецца прыём пілігрымаў на начлег. Канешне, пробашч загадзя інфармуе парафіян аб неабходнасці арганізацыі месцаў для адпачынку, “нацэльвае” іх. Але толькі сумесныя стасункі аднавяскоўцаў, суседзяў, удзельнікаў малітоўных груп вядуць да поспеху ў гэтай справе, хуткай і добрай арганізацыі месцаў для начлегу пілігрымаў.
Трэба падкрэсліць і тое, што такая сумесная праца карысная не толькі для пілігрымаў, але і для саміх мясцовых парафіян. Сёлета, перажыўшы час пандэміі канаравірусу, жыхары вёсак дзякавалі за магчымасць сабрацца і памаліцца разам з пілігрымамі. Старэйшым жыхарам было вельмі прыемна бачыць маладых людзей, якія праз удзел у пілігрымцы даюць сведчанне веры. Такі кароткі па часе наплыў сотні маладых вернікаў у вёску сваім спевам і гоманам ажыўляў яе, даваў пажылым людзям магчымасць успомніць сваё дзяцінства і маладосць. Са слязьмі на вачах яны дзяліліся ўспамінамі аб сваім пілігрымаванні не толькі ў Тракелі, але і ў недалёкія ад Іўя Дуды, і ў больш аддаленую Вострую Браму ў Вільні.
Сама пілігрымка – вялікая прастора для супольнай працы свецкіх людзей. Вядома, за арганізацыю пілігрымкі нясе адказнасць духоўная асоба, але для яе немагчыма поўнасцю прадумаць, пракантраляваць усе працэсы: запіс удзельнікаў, падбор песень, арганізацыю абеду ці начлегу, медыцынскую дапамогу. Менавіта тут неабходны праца, энтузіязм, фантазія і запал свецкага чалавека.
З сумам зазначаю, што адсутнасць пешага пілігрымавання на працягу трох гадоў прывяла да страты цэлага пакалення пілігрымаў. Вядома, што большая часта вернікаў, якія ідуць у пілігрымку, – школьная і студэнцкая моладзь, хуткая на пад’ём, і канікулы спрыяюць таму, каб на некалькі дзён вырушыць да Маці Божай Тракельскай. Пандэмія не спыніла час, некаторыя маладыя людзі атрымалі адукацыю, уладкаваліся на працу, некаторыя стварылі сям’ю, у іх з’явіліся дзеці, таму сабрацца ў пілігрымку стала складаней. Да пандэміі каранавірусу ўсё шло па ланцужку: кожны год да пілігрымкі далучаўся новы ўдзельнік, які на наступны год меў пэўны багаж вопыту і ведаў і мог падзяліцца гэтым з навічкамі. Сёлета ж навічкамі былі большасць удзельнікаў пілігрымкі. Адсутнасць цэлага пакалення пілігрымаў прывяла да страты многіх добрых традыцый, якія складаліся на працягу больш чым 20 гадоў “тракелянкі”. Але я ўпэўнены, што ў будучыні ўсе гэтыя традыцыі будуць адноўлены і, скажу больш, сярод іх з’явяцца новыя. Толькі трэба разумець, што само ўсё гэта не прыйдзе. Гэта таксама агульны выклік як для пілігрымаў, так і для іншых свецкіх і духоўных асобаў.
У канцы можна падкрэсліць, што добрым плёнам пілігрымавання становіцца не толькі супольная малітва, пачатак новых знаёмстваў ці ўмацаванне ўзаемаадносін, але і актыўная супольная праца вернікаў і духоўных асобаў, а сёлета і выяўленне новых праблем, якія прыйдзецца вырашаць разам, чаго і патрабуе Сінод Біскупаў.
Раман Ярмош