З Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелях ідзе пешая пілігрымка. Свой дзённік пілігрыма працягвае адна з удзельнікаў.
“Другі дзень нагадаў пра тое, што ён не першы, амаль адразу. З многіх твараў стомленасць ранішняе ўмыванне, на жаль, не змыла. Хаця гэта і не дзіўна, бо ўставаць давялося вельмі рана. Але ўжо зусім хутка на тварах з’явіліся ўсмешкі, сагрэтыя промнямі сонца. Дарога сёння была цудоўная! Па шляху нам раз-пораз сустракаліся матылькі, якія не баяліся нас і садзіліся нам на рукі, плечы, галаўныя ўборы, заплечнікі і красоўкі.
Амаль увесь час мы ішлі праз бясконца прыгожы лес: тоненькія бярозкі побач з хвоямі, якія імкнуцца проста ў неба, апраўлялі жоўтую прасёлкавую дарогу. Нейкая асаблівая атмасфера стваралася, калі слухаеш, ідучы па ёй, пра вучняў, якія збягалі ў Эмаўс. Ксёндз Яўген, які прамаўляў канферэнцыю, паставіў перад намі пытанне: ці не з’яўляецца мой шлях дарогай у Эмаўс? Нават паломніцтва здольнае аддаліць ад Бога, калі я думаю пра тое, як баляць ногі, як пячэ сонца, як бы хутчэй дайсці да Тракеляў, калі ж прывал… і забываюся пра самае галоўнае: пра тое, што я тут дзеля адносін з Богам, што гэты час і гэтыя цяжкасці я хачу прысвяціць Яму.
Раніцай у малітве прагучала: праца пілігрымкі можа стаць святой, але можа і не стаць. Усё залежыць не ад арганізатараў, не ад чалавека, які ідзе побач, не ад тых, хто прымае нас на начлег… Усё залежыць толькі ад мяне самога. “Не людзі з’яўляюцца прычынай твайго смутку, а ты сам, праблема ў тваім сэрцы, тым, як ты ўспрымаеш сітуацыю”, – падкрэсліў і ксёндз Яўген.
Вельмі важна памятаць, што ўсе мы ўзаемазвязаны і мой грэх уплывае не толькі на мяне, але і на маіх блізкіх, і на ўвесь свет… Але нават калі я іду, каб зграшыць, калі я збягаю ад Ерузалема ў Эмаўс, Езус ідзе са мной. Нават калі я ўпадаю ў грэх, Езус побач са мной! Вучні беглі са страху, але не таму, што не ведалі пра ўваскрасенне свайго Настаўніка, а таму, што не хацелі прыняць праўду аб тым, што ўваскрасенне магчымае толькі праз крыж. Ці бяру я свой крыж? Бо не крыж, а нежаданне ўзяць яго на свае плечы прыводзіць да смутку і адчаю. З гэтымі думкамі і пытаннямі духоўны кіраўнік пілігрымкі дазволіў нам ісці яшчэ нейкі час у цішыні.
На адным з ранішніх прыпынкаў – у Новай Рудзе – пробашч айцец Анджэй Шчупал прывітаў нас караваем. Кожны пілігрым адломваў сабе кавалачак. Я была прыемна здзіўлена, калі да мяне падышла знаёмая дзяўчына, якая таксама ідзе ў пілігрымцы, і пачаставала. Я ж сваім невялічкім кавалачкам здолела падзяліцца са сваім сябрам, які акурат стаяў побач. Потым святар распавёў нам пра гісторыю абраза “Езу, давяраю Табе”, які доўгі час знаходзіўся ў парафіі, але потым быў вывезены ў Вільню. Каб ушанаваць памяць аб цудоўным абразе, пілігрымы памаліліся ў касцёле Вяночкам да Божай Міласэрнасці.
Вельмі кранула сведчанне сястры Волі, якая распавяла пра сваё пакліканне і цуды ў яе жыцці.
Пасля абеду ўсіх нас чакаў сюрпрыз – хрост. Мы падышлі да ракі, дзе нас ужо чакалі святары з вытанчанымі чарпачкамі. Спачатку – самым смелым – палівалі галовы вадой з ракі, потым – нерашучых – сталі паліваць з шырынёй усяго сэрца. У выніку ўсе былі мокрыя, але вельмі падбадзёраныя. Нават я “трапіла пад раздачу”, хаця, як пілігрым са стажам, спусцілася толькі паназіраць.
Апошнія восем кіламетраў да Новага Двара некаторым даліся з цяжкасцю. “Хвосцік” пілігрымкі раз-пораз рабіўся хвосцікам яшчаркі і намагаўся адарвацца. На шчасце, да месца начлегу дайшлі ўсе! А каля касцёла нас ужо сустракаў пробашч парафіі ксёндз Юрый Кузьміч, які займаў у маім сэрцы паломніка асаблівае месца, як той, хто прытуліў нас некалькі гадоў таму па шляху ў Навагрудак, калі ў Астрыне ахвотных не знайшлося.
Жыхары Новага Двара прынялі нас цёпла і клапатліва. Пасля такой гасціннасці складана ўгаварыць стомленыя ногі, што трэба ісці далей. Але мы не здаёмся! І з радасцю чакаем новага дня”.
Вікторыя Сідар