17 чэрвеня вернікі парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) разам са сваім пробашчам кс. канонікам Паўлам Салабудам і кс. Валерыем Спірыдонам здзейснілі пілігрымку. Яны наведалі Жыровічы, Мсцібава, Шылавічы і Рось.
У Жыровічах пілігрымы былі на канцэрце званароў, які пакінуў вялікае ўражанне. Затым яны наведалі фальварак “У Рыся” ў вёсцы Карэвічы – сапраўдны этнаграфічны музей беларускай вёскі ХІХ стагоддзя, пазнаёміліся з сям’ёй, якая ў чыстым полі стварыла гэтае незвычайнае месца. Запісацца, каб пабываць на экскурсіі і пачаставацца абедам, прыгатаваным гаспадаром фальварка, трэба было за тры месяцы.
Затым пілігрымы вырушылі ў вёску Мсцібава. Там яны наведалі неагатычны касцёл св. Яна Хрысціцеля пачатку ХХ стагоддзя, у якім на працягу трох гадоў служыў кс. Валерый Спірыдон. Ён і мясцовы пробашч з захапленнем распавялі гродзенскім вернікам гісторыю святыні, паказалі велічны арган, які будзе ўдзельнічаць у фестывалі арганнай музыкі, што пройдзе 24 чэрвеня ў 11.00.
Потым вернікі пабывалі ў вёсцы Шылавічы, у неагатычным касцёле Найсвяцейшай Тройцы пачатку ХХ стагоддзя, дзе служаць ксяндзы міхаліты.
Пасля яны паехалі ў Рось у санктуарый Езуса Журботнага. Мясцовы касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы пабудаваны ў стылі класіцызму. Там вернікі ўдзельнічалі ў святой Імшы. Прыемным уражаннем для іх былі цёплы гасцінны прыём, словы, адрасаваныя ім кусташам санктуарыя кс. канонікам Чэславам Паўлюкевічам, а таксама дом пілігрыма, пабудаваны яго стараннямі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі