Skip to main content

Уручэннем дыпломаў выпускнікам завяршыўся навучальны год у Тэалагічным каледжы ў Гродне

kaledz 1317 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, у Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія заканчэння навучальнага года.

На малітве ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) сабраліся адміністрацыя, выкладчыкі і навучэнцы каледжа.

З вялікай удзячнасцю ўдзельнічалі ў святочнай цырымоніі таксама сёлетнія выпускнікі каледжа. Чатыры выпускнікі пасля некалькіх гадоў навучання, паспяховай здачы ўсіх экзаменаў і напісання заліковых прац атрымалі дыпломы і, магчыма, у будучыні стануць дапамагаць дзецям і моладзі пазнаваць і любіць Езуса Хрыста і Ягоны Касцёл.

Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, цэлебруючы яе ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае супольнасць каледжа: адміністрацыі, выкладчыкаў і навучэнцаў, у тым ліку выпускнікоў.

У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на літургічным успаміне, які адзначаўся ў гэты дзень. Іерарх нагадаў, што адразу пасля заканчэння актавы Божага Цела Касцёл у літургіі ўказвае на два Сэрцы – Пана Езуса і Маці Божай, у якіх чалавек заўсёды знойдзе разуменне і прытулак.

kaledz 7

Як падкрэсліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, пашана Беззаганнаму Сэрцу Марыі аддаецца таму, што яно – сімвал нястомнай малітвы і ўслухоўвання ў Божае слова. „Сэрца Марыі напоўнена любоўю да Бога і да чалавека”, – сказаў іерарх.

Біскуп заахвоціў да таго, каб, ушаноўваючы Сэрца Марыі, „прасіць Яе матчынай дапамогі, каб Божая ласка пастаянна асвячала і перамяняла нашы сэрцы”.

Таксама іерарх заклікаў падзякаваць Найсвяцейшай Маці за скончаны год вучобы ў Тэалагічным каледжы, а асабліва за выпускнікоў, якія прайшлі ўвесь курс фармацыі.

„Няхай усе набытыя веды, увесь змест веры, які вы пачулі, над якім разважалі і ў які паглыбляліся, набліжаюць кожнага з вас да Пана Бога і служаць найважнейшай мэце – вашаму асабістаму асвячэнню”, – пажадаў біскуп.

Пасля Імшы пастыр дыяцэзіі разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы а. канонікам Андрэем Шчупалам CSsR уручылі сёлетнім чатыром выпускнікам дыпломы, якія сведчаць, што тыя скончылі навучанне.

kaledz 5

Біскуп выказаў словы ўдзячнасці адміністрацыі каледжа за клопат аб функцыянаванні гэтай установы, аб адпаведнай і ўсебаковай фармацыі навучэнцаў, забеспячэнні як мага лепшых умоваў для здабыцця ведаў.

Таксама ён падзякаваў выкладчыкам, сярод якіх духоўныя і свецкія асобы, за сістэматычнае перадаванне ведаў на працягу года на лекцыях, правядзенне практычных заняткаў і асабістае сведчанне веры.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Данута Казановіч