Група “Маці ў малітве” пры парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне, у якой нясуць служэнне ксяндзы сэрцане, адзначае кожную гадавіну свайго заснавання.
Напярэдадні дня заснавання групы маці са сваімі сем’ямі ўдзельнічаюць у святой Імшы. На ёй яны дзякуюць Богу і Панне Марыі за дар мацярынства і сямейнага жыцця, за дабрадзействы, атрыманыя з Божай ласкі, просяць прабачэння за тое, што раніць Божую любоў, просяць веры, надзеі і любові ў штодзённым хрысціянскім, мацярынскім і сямейным жыцці.
Таксама да алтара прыходзяць дзякаваць за дзейнасць руху “Маці ў малітве” ў Беларусі і дзейнасць групы, якая існуе пры парафіі. На сустрэчах збіраюцца, каб аддаць сваіх дзяцей Богу, разам маліцца, слухаць Божае слова і разважаць над ім, дзяліцца жыццёвым вопытам, прадстаўляць малітоўныя інтэнцыі і маліцца ў іх, разам адзначаць касцёльныя святы, дні нараджэння мам, якія ствараюць групу; дзякаваць за маці-кіраўнікоў Аксану Валанцей і Караліну Ігнатовіч і за духоўнага кіраўніка групы кс. Валерыя Пупкевіча SCJ.
З нагоды кожнай гадавіны паўстання групы маці па магчымасці збіраюцца, каб здзяйсняць пілігрымку, маліцца, удзельнічаць у асабістым дні засяроджання, наведваць новыя і цікавыя мясціны беларускай зямлі і быць разам, як адна сям’я ў Божай аўчарні.
У першы год нараджэння групы маці наведалі Капцёўку, дзе на Узгорку надзеі знаходзіцца санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай Цярпліва Слухаючай. Яны накіраваліся ў гэтае месца, каб разам удзельнічаць у Эўхарыстыі, узносіць малітвы да Божага трону праз заступніцтва Панны Марыі.
У другі год маці пілігрымавалі ва Уселюб, дзе знаходзіцца парафія св. Казіміра. Пад чулай апекай Маці Новага Жыцця там для іх прайшлі тры дні малітвы, падчас якіх яны штодзённа ўдзельнічалі ў святой Імшы, здзейснілі Крыжовы шлях у Даліне нябесных крыжоў, маліліся Ружанец. Кульмінацыйным момантам была ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана Езуса, калі яны ішлі ў працэсіі за Езусам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце, аддаючы Яму ў апеку групу, усіх маці і іх сем’і. На заканчэнне пілігрымкі маці атрымалі благаслаўленне на ўвесь год для сябе і сваіх сем’яў ад пробашча парафіі кс. Віталія Цыбульскага.
Трэці год нараджэння група святкавала ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. На Эўхарыстыі ўдзельніцы групы прынеслі ў ахвярных дарах Панне Марыі свае сэрцы і сваё жыццё, а ад’язджаючы, атрымалі ад Яе сэрца ціхае і пакорнае, каб быць здольнымі рабіць у сваіх сем’ях тое, што скажа Яе Сын Езус Хрыстус.
Сёлета ў групы чацвёрты год нараджэння. З гэтай нагоды 10 чэрвеня маці са сваім душпастырам ксяндзом Валерыем Пупкевічам сабраліся, каб разам славіць Бога за Яго любоў і міласэрнасць, дзякаваць за кожную маці, сям’ю, кожную Божую справу ў іх жыцці і сем’ях.
На гэты раз іх пілігрымаванне было напоўнена дабрынёй Бога. Распачаўшы яго з самага ранку знакам святога Крыжа і малітвай да святога Крыштафа, пілігрымы наведалі парафію Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах. Там іх цёпла прывітаў а. Юрый Саковіч OSPPE з Ордэна св. Паўла, першага пустэльніка (паўліны), які пазнаёміў іх з гісторыяй парафіі, распавёў пра пробашчаў, якія там служылі і дзякуючы чыім намаганням захавалася гэтае месца, і падзяліўся гісторыяй свайго паклікання.
Пілігрымы заўважылі чысціню і прыгажосць усёй прыкасцёльнай тэрыторыі, пра добраўпарадкаванне якой а. Юрый клапоціцца, вырошчваючы півоні, бэз і іншыя кветкі. Група пакінула тут ад сябе ружы і заснаваную “Маргарытку” – штодзённую малітву за святара, якую перадала за а. Юрыя Саковіча Аліна Зубрыцкая, прадстаўнік гэтага руху ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Цэнтральным пунктам прабывання ў Карэлічах была святая Імша, якую ўзначаліў кс. Валерый Пупкевіч. Айцец Юрый Саковіч у гаміліі звярнуў увагу на асобу св. Ружы з Лімы як узор у штодзённым жыцці.
Наступным пунктам пілігрымкі стаў Навагрудак, куды ўдзельнікі прыбылі ў Гадзіну міласэрнасці. У рэктаральным касцёле Перамянення Пана яны памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, аддаючы свае сэрцы ў рукі міласэрнага Бога. Пасля малітвы сястра назарэтанка Фаўстына распавяла гісторыю з жыцця мясцовых назарэтанак, касцёла, а таксама гісторыю 11 навагрудскіх сясцёр-мучаніц. Пілігрымы мелі магчымасць наведаць месца мучаніцкай смерці сясцёр і памаліцца на ім. Цікавымі момантамі сталі шпацыр каля кляштара назарэтанак і экскурсія ў месца, дзе выпякаюцца аплаткі на вігілійны стол.
Наступным прыпынкам стала парафія св. Казіміра ва Уселюбе. Мясцовыя вернікі з пробашчам кс. Віталіем Цыбульскім прыгатавалі для пілігрымаў абед у парафіяльнай кавярні, шчыра вітаючы тых, хто прыязджае, каб ушанаваць Марыю як Маці Новага Жыцця. Пасля абеду пілігрымы мелі магчымасць набыць сувеніры ў краме.
Найважнейшым момантам візіту ва Уселюб быў Крыжовы шлях. Удзельніцы групы разам з кс. Валерыем Пупкевічам разважалі над тым, што, парушаючы Божыя запаведзі, мы адыходзім ад Езуса, прыбіваючы Яго да крыжа; над тым, што Езус уваскрос і жыве, дзейнічае ў Касцёле праз сэрцы маці і кожнага чалавека.
Пілігрымы вярталіся, удзячныя Богу за падарунак, якім стала гэтая паездка, і просячы Маці Новага Жыцця прывесці іх да свайго Сына Езуса Хрыста.
Аксана Валанцей, кс. Валерый Пупкевіч SCJ
Фота: Вольга Лючэк