3 чэрвеня, напярэдадні ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) урачыста сустрэлі спісы цудадзейных абразоў Маці Божай, якія ўжо два гады пілігрымуюць па парафіях Беларусі.
15 святых выяў Багародзіцы прыбылі з радашковіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). У гэтым годзе перэгрынацыя праходзіць пераважна па архідыяцэзіі, аднак па запрашэнні арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча спісы (копіі) абразоў былі прывезены для ўшанавання ў Адэльск – на яго малую радзіму.
Сустракаючы ля святыні Божую Маці ў знакамітых выявах, пробашч адэльскай парафіі кс. Віктар Мыслюк зазначыў, што кожны з прысутных вернікаў прыйшоў, каб асабіста прывітаць нябесную Заступніцу. “Маці Божая заўсёды нас вядзе да Езуса. Тыя ласкі, якія мы атрымоўваем у сваім жыцці, даюцца дзякуючы глыбокай веры і даверу Марыі. Праз Яе пасрэдніцтва нашыя просьбы і інтэнцыі знаходзяць найкарацейшы шлях да Яе Сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Яна паказвае накірунак і падтрымлівае нас у гэтым духоўным вандраванні”, – сказаў святар.
У пачатку святой Імшы да вернікаў звярнуўся духоўны кіраўнік перэгрынацыі а. Станіслаў Станеўскі CSsR, распавёўшы гісторыю гэтай пілігрымкі, якая пачалася 12 чэрвеня 2021 г., ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, з гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя. Перэгрынацыя здзяйсняецца бесперапынна і на сёння складае больш за 740 дзён няспыннай малітвы перад цудадзейнымі абразамі Багародзіцы. Адэльская парафія стала 72-й па ліку, у якую завітала Маці Божая.
Да асноўных 13 абразоў, якія ўдзельнічаюць у гэтай пілігрымцы і раней ужо часткова здзяйснялі перэгрынацыю па Гродзенскай дыяцэзіі (Астравеччына, Смаргонь, Крэва, Іўе, Воранава і іншыя месцы), былі далучаны яшчэ два. 16 лістапада 2022 г. у межах святкавання Апекаў Маці Божай, якія адзначаліся ў Вільні на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, у касцёле св. Тэрэзы пры Вострай Браме дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс благаславіў абраз Маці Божай Вастрабрамскай для перэгрынацыі па парафіях Беларусі і замежжа.
3 мая на ўрачыстасцях у галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы, у яснагорскім кляштары паўлінаў у Чэнстахове, старшыня польскага епіскапату арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі благаславіў копію абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая цяпер таксама ўдзельнічае ў перэгрынацыі і наведвае трэцюю па ліку парафію.
Як зазначыў раней ініцыятар гэтай малітоўнай акцыі, пробашч мінскай парафіі святых Сымона і Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк, перэгрынацыю плануецца працягваць да юбілею 2000-годдзя Адкуплення ў 2033 Святым годзе і за гэты час наведаць яшчэ амаль 450 беларускіх парафій.
У дзень прыбыцця спісаў абразоў у Адэльск святую Імшу цэлебраваў з удзелам пробашча мясцовай парафіі кс. Тадэвуш Крыштопік, пробашч парафіі ў Квасоўцы (дэканат Гродна-Захад). Разважаючы над словамі Святога Пісання, святар звярнуў увагу на пакору і паслухмянасць Панны Марыі ў прыняцці і выкананні Божай волі ў Яе жыцці, адзначыўшы, што Маці Божая – узор дасканаласці, на які трэба арыентавацца.
Пасля Імшы адбыліся выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і літанія да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Вернікі маглі памаліцца перад разнастайнымі абліччамі Маці Божай, выказаць Ёй свае просьбы і падзякі.
Спісы абразоў будуць знаходзіцца ў адэльскай парафіі па 13 чэрвеня. У гэты дзень там адбудзецца парафіяльная ўрачыстасць у гонар святога Антонія. Імшу а 12-й гадзіне ўзначаліць арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у святочным набажэнстве, а таксама ўшанаваць на працягу тыдня Божую Маці ў розных выявах, якая аб’яўлялася нашым продкам на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі.
Віктар Ведзень