3 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылося свята для дзяцей, якія нядаўна ўпершыню прыступілі да святой Камуніі.
У Гродзенскай дыяцэзіі гэтая сустрэча прайшла ў другі раз.
На свяце сабраліся паўтысячы дзяцей з розных дэканатаў дыяцэзіі. Сустрэча давала маленькім вернікам магчымасць падзякаваць Богу і Маці Божай за атрыманыя сакрамэнты паяднання і Эўхарыстыі, глыбей усвядоміць веліч таго дару, які яны атрымалі ў святой Камуніі.
Дзеці разам з бацькамі ўдзельнічалі ў малітве Ружанца. Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
У гаміліі біскуп у форме дыялогу з дзецьмі разважаў аб таямніцы Эўхарыстыі, аб веры і аб падрыхтоўцы да свята Першай Камуніі.
Прыгажосць літургіі надаў спеў хору парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка). Дзеці з розных парафій актыўна ўдзельнічалі ў Імшы: чыталі Божае слова, спявалі псальм, неслі ахвяраванні да алтара.
Пасля Імшы дзяцей чакала яшчэ шмат цікавага. Артысты лідскай парафіі Святой Сям’і прадставілі тэатральную пастаноўку, прысвечаную аб’яўленням Маці Божай 14-гадовай Бернадэце Субіру ў Масаб’ельскім гроце. Гледачам было нагадана, што падчас аб’яўленняў Панна Марыя заклікала Бернадэту піць ваду з крыніцы, якая знаходзілася непадалёку. З той пары люрдская вада лічыцца лячэбнай, і менавіта ў Люрдзе адбываецца найбольш цудаў аздараўлення. Гэта самы вядомы ў свеце санктуарый Маці Божай, куды штогод пілігрымуе каля пяці мільёнаў вернікаў.
Выканаўцы якасна справіліся з мастацкімі задачамі, добра засвоілі вобразы. Пастаноўка была сапраўдным падарункам для гледачоў. Публіка ўзнагародзіла артыстаў гучнымі апладысментамі.
Пасля пастаноўкі кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі запрасіў усіх прысутных на пачастунак, які стаў для іх радасным працягам свята. Для дзяцей працавалі аніматары з Гродна, Ліды і Воранава.
Бачачы дзяцей у іх белым убранні, іх апрамененыя твары і радасны настрой, можна было спадзявацца, што іх вера будзе расці і ўспаміны пра гэтую сустрэчу, як і пра свята Першай Камуніі, яны пранясуць праз усё жыццё.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі