24 мая ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні ўрачыста адзначалі ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў.
На святой Імшы члены Асацыяцыі Марыі Успамогі (ADMA) склалі свае абяцанні. Таксама адбыўся акт ахвяравання салезіянскай сям’і Марыі Успамозе Хрысціянаў.
На працягу дзевяці дзён вернікі парафіі маліліся навэннай да Марыі Успамогі Хрысціянаў. Гэтыя дні, асаблівыя для членаў ADMA, былі часам духоўнай падрыхтоўкі да ўрачыстасці.
ADMA адзначыла ў дзень свята пяцігоддзе свайго існавання ў Смаргоні. Асацыяцыю заснаваў св. Ян Боско “для пашырэння ўшанавання Найсвяцейшага Сакрамэнту і пабожнасці да Марыі Успамогі Хрысціянаў”. Ён пажадаў стварыць гэтую супольнасць як знак удзячнасці Багародзіцы за Яе матчыную прысутнасць у яго жыцці і дзейнасці і як форму хрысціянскага жыцця, заснаваную на пазнаванні, любові і наследаванні Марыі. Асацыяцыя была кананічна ўзведзена ў санктуарыі Марыі Успамогі ў Турыне 18 красавіка 1869 г., зацверджана 5 красавіка 1870 г. благаслаўлёным Піем IХ як братэрства, якое належыць да салезіянскай сям’і.
У смаргонскай парафіі ADMA з’явілася дзякуючы сястры салезіянцы Вераніцы Блізнюк, моцная вера, адвага і намаганні якой паспрыялі заснаванню супольнасці тых, хто шануе Марыю Успамогі.
Урачыстасць пачалася з малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Тысячу разоў, стоячы на каленях, вернікі парафіі з ксяндзамі Казімірам Муравой і Міхаілам Радзевічам прамаўлялі словы малітвы да Маці Божай.
Пасля адбылася святая Імша, якую цэлебраваў дэлегат салезіянаў на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі. У гаміліі ён прапанаваў кожнаму з удзельнікаў узгадаць сваю маці і задаць сабе пытанне: “Чаму мяне навучыла матуля? Якія яе добрыя ўчынкі я асабліва памятаю?” Дэлегат звярнуў увагу на прыклад Панны Марыі, якая заўжды давярала Богу.
Члены ADMA склалі абяцанні: “жыць, даючы сведчанне вернасці Хрысту ў паўсядзённым жыцці, асабліва ў сям’і, у працы, у грамадстве і ў Касцёле, праз сілу, якая сыходзіць з малітвы, з частага і годнага ўдзелу ў сакрамэнтах паяднання і Эўхарыстыі”.
Акт ахвяравання ўсёй салезіянскай сям’і Марыі Успамозе Хрысціянаў завяршыўся спевам: “О Марыя, магутная Панна”.
Таксама на Імшы была асвячана харугва з выявай Марыі Успамогі і св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла, заснавальніцы супольнасці сясцёр салезіянак, ахвяраваная парафіі членамі ADMA.
Завяршылася літургія ўрачыстай працэсіяй па вуліцах горада. Вернікі, трымаючы свечкі і молячыся Ружанец, ушаноўвалі Маці Божую. У пачатку працэсіі неслі асвячаную харугву. Мужчыны-салезіяне з гонарам трымалі фігуру Марыі Успамогі, вакол яе жанчыны ADMA неслі вянок.
На заканчэнне працэсіі вернікі атрымалі благаслаўленне.
У Імшы прынялі ўдзел святары-салезіяне смаргонскай парафіі на чале з пробашчам кс. Артурам Ляшнеўскім, які сваім маладым запалам, пабожнасцю, навукова-гістарычнымі ведамі вельмі шмат садзейнічаў ушанаванню Марыі. Акрамя таго, на свяце прысутнічалі дэкан Смаргонскага дэканату кс. Антоній Казлоўскі, кс. Алег Жураўскі і кс. Вадзім Сурвіла. Таксама госцяй была сястра салезіянка Ірына Барцэвіч, якая шмат гадоў працавала ў гэтай парафіі.
Ірына Гацкая ADMA