14 красавіка ў Тухуве (Польшча) адышоў у вечнасць кс. Эрнэст Будын, сэрцанін, які з 1990 па 2013 гг. служыў у Гродзенскай дыяцэзіі.
У час служэння ў нашай краіне ён удзельнічаў ва ўтварэнні структуры мясцовай супольнасці сэрцанаў, быў пробашчам парафіі св. Станіслава, біскупа і мучаніка, у Ляцку (Шчучынскі дэканат), затым парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
Ксёндз Эрнэст Будын нарадзіўся ў 1935 г. у Кендзежынцы (Польшча). Першыя манаскія абяцанні прынёс у 1952 г. у Стадніках, прэзбітэрскае пасвячэнне ўдзяліў яму ў 1960 г. у Кальварыі Зэбжыдоўскай арцыбіскуп Караль Вайтыла – пазней Папа Ян Павел ІІ.
Быў эканомам манаскіх дамоў у Плішчыне, Кракаве і Стадніках, вікарыем у Кросна-Аджаньске, пробашчам парафіі ў Флёрынцы.
У 1990 г. прыбыў у Беларусь, у 2013 вярнуўся ў Польшчу, дзе стаў служыць у Сасноўцы.
Пахаванне пройдзе 17 красавіка ў парафіі ў Стадніках. У 11.30 (польскі час) адбудзецца святая Імша, пасля – пахаванне на мясцовых могілках.
Таксама Імша за спачылага будзе цэлебравацца 15 красавіка ў 17 гадзін у парафіі св. Станіслава, біскупа і мучаніка, у Ляцку.
Няхай Божае Сэрца, якому ён даручыў сваё жыццё, прыме яго ў Нябеснае Валадарства!