Skip to main content

Глядзець у будучыню з надзеяй: велікодны абед для бедных прайшоў у Гродне

abed bednye 214 красавіка ў Гродне з нагоды набліжэння святаў Уваскрасення Пана адбыўся абед для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства.

Абед, як і кожны год, прыгатавалі законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) разам з валанцёрамі пры падтрымцы Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі.

Сёлета ў сустрэчы ўдзельнічала каля 200 чалавек. Пасілак благаславіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ганаровымі гасцямі абеду былі віцэ-канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Антоні Грэмза і прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч.

Прысутныя разам прамовілі малітву, якой навучыў Езус Хрыстус. У ёй яны прасілі Бога найперш аб удзяленні кожнаму з іх неабходных ласкаў.

abed bednye 31

Ксёндз Юрый Марціновіч патлумачыў значэнне гэтага апошняга перад пасхальнымі святамі тыдня. Ён падкрэсліў, што для хрысціян гэта павінен быць найважнейшы ў годзе час, бо з Пальмовай нядзелі да нядзелі Уваскрасення Касцёл узгадвае самыя важныя падзеі гісторыі збаўлення: устанаўленне Эўхарыстыі, Муку і Смерць Хрыста, Яго Уваскрасенне.

abed bednye 44

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што пасля Вялікай пятніцы прыйдзе ранак Уваскрасення, у сувязі з чым дадаў, што любоў мацнейшая за нянавісць, а дабро – за зло. Таму Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў удзельнікам сустрэчы перш за ўсё хрысціянскай надзеі на лепшае заўтра, пажадаў глядзець у будучыню з надзеяй, а таксама адкрыцца на дар Хрыстовага Уваскрасення, якое прыносіць чалавеку радасць і мір.

abed bednye 46

На тварах сабраных можна было сапраўды ўбачыць радасць. Яны цешыліся, як дзеці, атрымліваючы з рук сясцёр назарэтанак велікодныя яйкі. Вельмі шмат слоў удзячнасці з вуснаў бедных прагучала ў адрас законніц і валанцёраў, якія гатуюць для іх цёплыя пасілкі не толькі на святы, але і на працягу ўсяго года.

Хоць гэтыя людзі часта зведваюць холад, адсутнасць нармальных умоваў для жыцця, гора і нястачу, у гэты дзень яны змаглі аддзячыць арганізатарам сустрэчы цяплом сваіх сэрцаў i позіркаў, у якіх, хоць і разам з сумам, можна было заўважыць іскрынкі радасці і надзеі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая