30 сакавіка, незадоўга да Пальмовай нядзелі, у катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях, які разам са сваімі душпастырамі падрыхтавала парафіяльная моладзь.
Набажэнства пачалося пры ўваходзе ў касцёл. Удзельнікі ішлі не традыцыйна ад стацыі да стацыі вакол святыні, а ўздоўж галоўнай навы. Завяршыўся шлях перад прэзбітэрыем.
Галоўнай ідэяй гэтага Крыжовага шляху, які вёў ад канца касцёла да алтара, было сімвалічнае адлюстроўванне адраджэння ў веры чалавека, які толькі-толькі пачынае свой шлях наладжвання адносін з Богам, сутыкаючыся з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі, часам спазнаючы несправядлівыя асуджэнні і блюзнерствы ў свой адрас, неаднаразовыя падзенні, і ўсё ж даходзіць, падтрыманы Божай ласкай, да мэты – сваёй Галготы, на якой пакідае свой боль, слабасці і ўкрыжоўвае старога сябе, а пасля спазнае ўваскрашэнне і, стаўшы ўжо новым чалавекам, яднаецца з жывым любячым Богам.
Рэалізаваць гэтую задуму моладзь паспрабавала жэстамі пры дапамозе спадарожных разважанняў.
Моладзевы Крыжовы шлях у катэдры заўсёды збірае вялікую колькасць вернікаў не толькі з гэтай парафіі, але і з усяго горада. Кожны тыдзень Крыжовы шлях у парафіі выглядаў па-рознаму: адбываўся Крыжовы шлях з традыцыйнымі разважаннямі, моладзь рыхтавала разважанні ад першай асобы, ладзілася набажэнства на падставе кадраў з фільма “Пакуты Хрыстовыя”.
Андрэй Юхнік
Фота: Дзіяна Мялешка