3 сакавіка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч быў выпісаны са шпіталя. Вярнуўшыся дадому, заслужаны іерарх праз партал Catholic.by дзякуе Богу, лекарам і ўсім, хто за яго моліцца.
Калі з вуснаў лекараў-анколагаў пачуў дыягназ «меланома», то, усведамляючы сур’ёзнасць хваробы, паўтарыў словы Святога Пісання: «Калі прымаем ад Бога дабро, то чаму не можем прыняць зло?» (пар. Ёў 2, 10), бо, можа, прыйшоў час, калі станаўлюся непатрэбным слугой (пар. Лк 27, 10). Даверыў сябе Богу і маліўся аб здароў’і, але пры гэтым згаджаўся з Божай воляй.
З такім настроем лёг на аперацыйны стол з вераю, што, з Божай дапамогай і заступніцтвам Марыі, лекары змогуць зрабіць усё магчымае.
Сёння, калі выйшаў са шпіталя, дзякую Богу за паспяховы курс лячэння.
Дзякую лекарам за іх прафесіяналізм і ахвярнае служэнне хворым.
Словы ўдзячнасці кірую беларускім біскупам, святарам, кансэкраваным асобам, вернікам і людзям добрай волі за малітвы і салідарную падтрымку.
Дзякую тым, хто маліўся за мяжой і ўспамагаў у гэты час новых выпрабаванняў.
Няхай Усемагутны Бог аддзячыць усім вам сваім шчодрым благаслаўленнем, а Божая Маці ахінае плашчом сваёй апекі, аб чым малюся.
Надалей ускладаю надзею на Бога, Найсвяцейшую Панну Марыю і лекараў.
З просьбай аб малітве і духоўнай падтрымцы паўтараю словы Хрыста: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (Лк 22, 42).
З надзеяй хутка вярнуцца да пастырскага служэння людзям, малітоўнай памяццю і благаслаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мінск, 3 сакавіка 2023 г.