З 3 па 5 лютага ў Росі адбыліся рэкалекцыі для мужчын на тэму “Навошта Пан даў мне жыццё?” (Рым 5, 17-18). Іх правёў у рэкалекцыйным доме “Голас Айца” тэолаг, філосаф і каталіцкі публіцыст кс. Андрэй Рылка.
Як паведамляе сайт групы “Мужчыны святога Юзафа”,у рэкалекцыях прынялі ўдзел 23 чалавекі – з Мінска, Гродна, Ваўкавыска, Ліды і Росі.
На пачатку ўдзельнікі атрымалі заданне – знайсці адказы на пытанні: “Навошта я жыву? Дзеля чаго варта жыць? Як навучыцца жыць? Як навучыцца жыць не марна? Як навучыцца распазнаваць Божы план адносна сябе, як не пражыць толькі спрабуючы?”
Каб прысутныя маглі адказаць на гэтыя пытанні, кс. Андрэй Рылка прапанаваў ім звярнуцца да Бібліі, разгарнуўшы яе і папрасіўшы Бога дапамагчы распазнаць, дзе дабро і карысць, а дзе зло і небяспека. Таксама было адзначана, што “праўда – не самая вялікая каштоўнасць, а інструмент, метад, як адкрываць дабро”.
Падчас працы над сабой мужчыны вывучалі прыклад канкрэтнай асобы са Святога Пісання – прарока Майсея, разважаючы, як у яго жыцці рэалізоўваўся план Створцы.
Ксёндз Андрэй заахвоціў удзельнікаў паглядзець, як Майсей пражыў сваё жыццё і як яго жыццё паўплывала на ўсю Божую задуму, на глабальны план збаўлення чалавецтва.
Святар адзначыў, што гісторыя Майсея – гісторыя жыцця кожная чалавека. Кожнаму, па словах рэкалекцыяніста, не аднойчы даводзіцца трапляць у сітуацыі, калі трэба вырашаць: “Хто я? Кім хачу быць? Я сын “каралеўства Егіпецкага”, сын гэтага свету, валадарства сатаны, ці сын Ізраэля, Божага Валадарства?”
Удзельнікі выражаюць падзяку кс. Андрэю за праведзеныя рэкалекцыі, мудрасць і шчырасць, з якімі ён абвяшчаў ім Божае слова, а таксама дзякуюць пробашчу парафіі ў Росі кс. каноніку Чэславу Паўлюкевічу і яго дружнай камандзе за аказаную гасціннасць.