14 студзеня ў араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні прайшоў калядны канцэрт “Мой Бэтлеем”. Удзел у ім прынялі парафіяльны хор і гурт “Verbum Dei” з Мінска.
Канцэртную праграму распачаў парафіяльны хор спевам “Gloria”. Затым прагучалі спевы не толькі на беларускай, але і на польскай, лацінскай і італьянскай мовах.
Усе слухачы змаглі адчуць атмасферу Калядаў, а таксама пачуць спевы, якія ведаюць не першы год.
Вось што распавядаюць пра фэст самі ўдзельнікі:
Ганна Баршчэўская:
“Спевы гурту “Verbum Dei” чула шмат разоў, таму на калядны канцэрт з іх удзелам пайшла з задавальненнем. І не пашкадавала. Спевы гучалі на розных мовах. Словы некаторых мне былі вядомыя, таму з задавальненнем падпявала. Некаторыя чула ўпершыню. Было вельмі цікава.
Атмасфера ў араторыі была неверагодная. Бачыла, як усе з захапленнем слухалі спевы, якія краналі за душу. Спадзяюся, што гэты канцэрт у нашай парафіі ў іх выкананні быў не апошні. Праслаўляць Бога праз спеў – гэта так цудоўна!!!”
Вікторыя Бажко:
“Адчыніўшы дзверы араторыя, я пачула гучную музыку і звонкія галасы. Мне здаецца, многія са мной згодзяцца, было адчуванне, быццам голас кранаў сэрца, і па целе беглі мурашкі.
Я ўпэўнена, гурт “Verbum Dei”, які ззяў на сцэне, застанецца ў памяці кожнага з прысутных!”
Сястра Юлія FMA:
“Гурт “Verbum Dei” я ведаю даўно, асабіста знаёмая з многімі яго ўдзельнікамі. І вельмі задаволена, што гурт завітаў у нашую парафію. Для мяне гурт “Verbum Dei” – гэта не толькі гурт прыгожага хрысціянскага спеву, але ў першую чаргу людзі, якія сведчаць праз спеў аб сваёй веры, сваіх адносінах з Богам, дзеляцца тым, што ляжыць на сэрцы.
Кожны іх спеў прасякнуты любоўю да Бога, як малітва, удзельнікам якой ты становішся. Слухаеш іх, падпяваеш і сам не заўважаеш, як твае думкі ідуць у кірунку Неба. Дзякуй вам, “Verbum Dei”, за тое, што вы робіце!”
Анастасія Дудко:
“Вялікі дзякуй гурту “Verbum Dei”. Вашыя спевы пранікаюць у глыбіню душы. Ад вашых галасоў бягуць мурашкі па скуры, а на вачах выступаюць слёзы! Гэта было цудоўна!
Дзякуючы вам мы змаглі па-іншаму маліцца і праслаўляць Бога. Дзякуй Богу за вашыя таленты!”
Слухачы вельмі ўдзячныя гурту “Verbum Dei” за тое, што ён прысвяціў смаргонскай парафіі свой час і падараваў каштоўныя ўспаміны.
Яна Старшынская