7 студзеня ў доме Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Гродне адзначыла юбілей 50-годдзя манаскага жыцця сястра Тэрэза Касінская.
30 студзеня 1973 г. яна адказала Богу “так” на Яго заклік, просячы ўладу Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак прыняць яе ў гэтую супольнасць.
На ўрачыстай Імшы падзякі за 50 гадоў, якія яна правяла ў манастве, сабраліся святары, сёстры назарэтанкі, родныя с. Тэрэзы. Усе яны разам дзякавалі за згоду, якой яна адказала Богу, свядома і дабравольна абраўшы цудоўны, хоць адначасова цяжкі і патрабавальны шлях наследвання Хрыста праз жыццё евангельскімі цнотамі.
Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч назваў вельмі яскравым знакам тое, што гэты юбілей святкуецца ў літургічны перыяд Нараджэння Пана – час вельмі блізкі і дарагі кожнай назарэтанцы, бо непасрэдна звязаны з духоўнасцю і харызмай іх супольнасці.
“У гэтыя дні мы прабываем думкамі і сэрцамі са Святой Сям’ёй з Назарэта, дзе, схаваны ад свету, але пад чуйным вокам Марыі і Юзафа, у атмасферы, насычанай цеплынёй узаемнай любові, дабрыні, ахвярнасці і адданасці, узрастае Сын Божы Езус Хрыстус”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што на жыццёвым шляху сястры Тэрэзы не было недахопу ў дарах Божай ласкі. Несумненна, вялікай ласкай, па словах біскупа, было і яе асабістае знаёмства ў дзяцінстве з благаслаўлёнымі наазарэтанкамі-мучаніцамі з Навагрудка.“Іх працавітасць, гаспадарлівасць, пабожнасць, сціпласць, а таксама лагодная дабрыня і любоў да дзяцей, якімі яны апекаваліся, безумоўна, пакінулі добры след у памяці і сэрцы сястры”, – заўважыў іерарх.
Ён адзначыў, што яшчэ адной вялікай вялікай ласкай і адначасова нагодай да ўзрастання ў святасці і набыцця ўпэўненасці ў пакліканні было шматгадовае сяброўства с. Тэрэзы з с. Малгажатай Банась, адзінай з навагрудскіх назарэтанак, якая засталася ў жывых пасля мучаніцкай смерці с. Стэлы і яе паплечніц.
Вялікім дарам Божага Провіду біскуп назваў прысутнасць і працу ў Навагрудку знакамітага і годнага душпастыра, а. Войцеха Навачыка, якому с. Тэрэза верна і аддана служыла шмат гадоў, да яго смерці.
Іерарх дадаў, што ў гэты дзень з сястрой Тэрэзай і ўсімі ўдзельнікамі літургіі яднаецца ў малітве падзякі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, якому юбілярка таксама служыла з вялікай адданасцю і руплівасцю – спачатку калі ён быў пробашчам у Навагрудку, потым калі стаў біскупам у Гродне і Пінску.
Пастыр дыяцэзіі нагадаў, што і сёння, нягледзячы на складанасці, звязаныя з узростам і станам здароўя, с. Тэрэза працягвае служыць Касцёлу і сваёй кангрэгацыі праз малітву, сведчанне веры і любові.
“Мы дзякуем Богу за асабісты прыклад, які юбілярка дае сваім паплечніцам”, – сказаў біскуп, дадаўшы, што гэта цудоўны прыклад пакоры, духоўнай згоды, цярплівасці ва ўсе складаныя хвіліны, вялікага даверу Пану.
На заканчэнне Эўхарыстыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў с. Тэрэзе Божага благаслаўлення на кожны дзень, апекі Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа, добрага здароўя, фізічных і духоўных сіл, усіх ласкаў, якія найбольш патрэбныя ёй.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Баляслаў Гавецкі