8 студзеня, у свята Хросту Пана, у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях адбылася сустрэча дзяцей з розных парафій Беларусі.
Дзеці з розных куткоў нашай краіны прыйшлі і прыехалі ў санктуарый да Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, каб прыпасці да асаблівай крыніцы моцы, сустрэцца з позіркам Багародзіцы і праз блізкасць да Яе адчуць прысутнасць Усемагутнага Айца.
Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі адзначыў: “Прызнаемся шчыра, што гэтага нам часта балюча не стае. Таму, стаміўшыся, мы шукаем прысутнасці Айца ў любячым і суцяшальным позірку Марыі, просячы Яе аб матчыным заступніцтве. Толькі супольная малітва ля стаенкі Немаўляці сведчыць пра еднасць у веры, дапамагае адчуць, што мы належым адзiн аднаму, што мы – народ, які любіць Бога”.
Па словах святара, такія сустрэчы дапамагаюць выхаванню дзяцей у межах катэхізацыі і спрыяюць духоўнаму збліжэнню.
“Хрыстус прыйшоў у свет гэтак жа, як нараджаецца кожны з нас. Езус таксама быў маленькі і, напэўна, як і ўсе дзеці, чакаў і любіў падарункі. Падарункі бываюць розныя.
Бываюць – адчэпныя, каб аддаць доўг ветлівасці, а бываюць абсалютна нечаканыя, не абавязкова прымеркаваныя да нейкай пэўнай даты ці падзеі, але добра прадуманыя, у якія ўкладзена душа, жаданне даставіць радасць, сказаць ці зрабіць нешта асаблівае. Падарункі, якія нясуць асаблівы сэнс і кошт якіх вымяраецца зусім не цэннікам на ўпакоўцы, а нечым невымерна большым”, – сказаў кусташ.
Ён дадаў, што, хоць кожны з дзяцей атрымаў падарунак, але самы вялікі падарунак – гэта любячы позірк Марыі, найлепшай Маці.
“Яна ачысціць вашыя вочы ад кожнай “катаракты“, якая не дазваляе бачыць Хрыста ў душах; Яна вылечыць вас ад любой блізарукасці, што робіць вас раздражняльнымі, і ацаліць вас ад любой дальназоркасці, пры якой губляюцца дэталі, нататкі, запісаныя маленькімі літаркамі, але ад якіх залежаць жыццёва важныя аспекты ў жыцці Касцёла і сям’і”, – падкрэсліў кс. канонік Юрый Бяганскі.
Святар нагадаў, што Марыя заўсёды чакае дзяцей і ўсіх іншых вернікаў у тракельскім санктуарыі і што сярод падзей штодзённасці праслаўленне Бога, спеў у сэрцы і на вуснах, спрыяе асабістаму ўзрастанню ў радасці дзялення верай, надзеяй і любоўю з іншымі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі