8 снежня Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Для салезіянаў гэта асаблівы дзень. Святы Ян Боско асаблівым чынам ушаноўваў Марыю пад тытулам Беззаганнай, таксама ў гэты дзень быў заснаваны першы салезіянскі араторый.
Вернікі Смаргоні рыхтаваліся да гэтай урачыстасці падчас дзевяцідзённай навэнны, якая цэлебравалася ў касцёле св. Міхала Арханёла пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце паводле салезіянскіх традыцый. Спеў падчас навэнны анімавалі члены асацыяцыі ADMA. У дні навэнны вернікі прыносілі да падножжа фігуры Марыі сімвалічныя лісты. У іх людзі пісалі свае просьбы, падзякі, спадзяванні, якія давяралі Божай Маці падчас гэтай малітвы.
У дзень урачыстасці на вячэрняй святой Імшы сабралося шмат вернікаў, у тым ліку члены “Легіёну Марыі”. Легіянеры анімавалі чытанне Божага Слова, ля алтара былі змешчаны іх штандар і сімволіка, а пасля Імшы яны размаўлялі з парафіянамі, тлумачачы сваю дзейнасць і місію ў Касцёле.
На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася працэсія з касцёла да фігуры Беззаганнай Панны Марыі ля дома салезіянаў. Удзельнікі працэсіі неслі сімволіку “Легіёну Марыі”, вянок для Беззаганнай, кошык з лістамі да Яе. Вернікі спявалі тэкст Ларэтанскай літаніі і неслі запаленыя знічы.
Ля фігуры адбылося асвячэнне вянка для Панны Марыі. Ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB патлумачыў: “Вянок на галаве жанчыны – гэта сімвал дзявоцтва. Белыя кветкі ў вянку – знак чысціні. Зялёнае лісце – знак жывой надзеі. Так Божая Маці праз сваю чысціню і святасць падаравала свету жывую надзею – Хрыста”. Пасля асвячэння вянок быў надзеты на скроні фігуры Марыі. Затым вернікі праз чытанне малітвы аддаліся пад апеку Беззаганнай, а заканчэннем было спаленне ў вогнішчы лістоў да Маці Божай. Спаленне – знак поўнага аддання; вернікі, якія ўсе дні навэнны маліліся ў пэўных інтэнцыях, у гэты момант цалкам аддалі свае намеры Марыі.
Пасля заканчэння малітоўнай часткі свята працягнулася ў араторыі. Аніматары прадставілі прысутным праграму з нагоды дня нараджэння араторыя, а легіянеры прынеслі салодкія прысмакі для супольнага пачастунку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі