Skip to main content

Біскуп Кашкевіч узначаліў другую малітоўную сустрэчу ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай

2022 11 05 budslau 0105 лістапада, у першую суботу месяца, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбылася другая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад кастрычніка 2022 года да чэрвеня 2023 года ўключна, а гэта значыць на працягу дзевяці першых субот гэтых месяцаў, у Будславе адбываецца асаблівая малітва — вялікая дзевяцімесячная навэнна.

Навэнна была распачата ў першую суботу кастрычніка.

Незадоўга да гэтага пашкоджаны пажарам будслаўскі касцёл быў афіцыйна зноў уведзены ў эксплуатацыю пасля завяршэння ў ім першай чаргі неабходных рамонтна-кансервацыйных работ.

2022 11 05 budslau 013

З раніцы ў Нацыянальны санктуарый прыбывалі пілігрымы з розных мясцін Беларусі, якіх вітаў пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік разам з мясцовымі вернікамі.

Сустрэча, якая праходзіла ў актаве асаблівых малітваў за памерлых, была асаблівым чынам прысвечана гэтаму адмысловаму часу і роздуму аб вечным.

З гэтай нагоды ў Будслаў прыбылі таксама ўдзельнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым на чале з яго духоўным кіраўніком ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком, пробашчам парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах.

2022 11 05 budslau 012

У касцёле перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам удзельнікі другой малітоўнай сустрэчы маліліся Фацімскі Ружанец, а святары ў гэты час служылі ў канфесіяналах сакрамэнтам паяднання.

Апоўдні на алтары перад каранаваным цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх маліўся ў інтэнцыі памерлых, і ў прамоўленай гаміліі глыбей раскрыў духоўны сэнс такой малітвы.

Біскуп Кашкевіч заахвоціў вернікаў маліцца за душы чыстцовыя, падкрэсліўшы, што ў гэтым асаблівым чынам праяўляецца супольнасць святых.

2022 11 05 budslau 015

Пасля Імшы гасцінныя будслаўскія парафіяне пачаставалі пілігрымаў цёплымі напоямі, а потым пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы (Гродзенская дыяцэзія) ксёндз Міхал Ластоўскі прамовіў тэматычную канферэнцыю, у якой прадставіў вучэнне Касцёла аб малітве за душы чыстцовыя і аб адпустах, якія можна атрымаць у дні актавы ўспаміну Усіх памерлых вернікаў.

На заканчэнне сустрэчы яе ўдзельнікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, пасля чаго для ўсіх ахвотных быў арганізаваны адмысловы інтэрактыўны адпачынак.

2022 11 05 budslau 019

Паводле Catholic.by