22-23 кастрычніка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася сустрэча для юнакоў, якая мела назву “Ружанец у маім жыцці”.
На сустрэчы сабраліся хлопцы з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Падчас рэкалекцый яны разважалі над Божым словам, удзельнічалі ў святой Імшы, а таксама ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэта быў асаблівы час для кожнага з іх, каб запытацца ў Езуса, які жыццёвы шлях Ён падрыхтаваў яму, і прасіць аб святле Духа Святога ў распазнанні свайго паклікання.
У межах мерапрыемства юнакі наведалі катэдральную базыліку св. Францішка Ксаверыя, дзе сустрэліся з кс. Уладзіславам Малышкам, які нядаўна прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Таксама яны мелі магчымасць сустрэцца з семінарыстамі, якія падзяліліся з імі сваімі сведчаннямі і заахвоцілі быць мужнымі ў прыняцці важных рашэнняў, асабліва звязаных з выбарам жыццёвага шляху. Студэнты семінарыі падкрэслілі, што варта ахвяраваць сваё жыццё на служэнне Пану Богу, Касцёлу і людзям, якія чакаюць Евангелля.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі