У парафіі св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Ружанцовай.
Абраз Маці Божай Ружанцовай знаходзіцца ў бакавым алтары святыні і ўжо многія гады ўшаноўваецца вернікамі парафіі асабліва ў першую нядзелю кастрычніка.
Урачыстую святую Імшу па запрашэнні пробашча парафіі кс. Аляксандра Лебядзевіча ўзначаліў дырэктар Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (Мінск) кс. Віталій Дабраловіч.
Праз заступніцтва Панны Марыі Ружанцовай святары і вернікі маліліся аб патрэбных для ўсёй парафіі Божых дарах. У гаміліі кс. Віталій расказаў аб бітве пад Лепанта і нагадаў гісторыю ўзнікнення культу Маці Божай Ружанцовай. Як адзначыў ён, паступова малітва на ружанцы ў месяцы кастрычніку распаўсюдзілася па ўсім каталіцкім свеце, і сёння няма, напэўна, ніводнага веруючага-католіка, які б не трымаў у руцэ ружанца.
Святар пажадаў вернікам не згубіць гэты вялікі дар малітвы да Маці Божай Ружанцовай, паглыбіць яго, умацаваць і, што самае важнае, умець перадаць наступным пакаленням.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, падчас якой духавенства і вернікі спыняліся каля пяці ўмацаваных у агароджу каплічак з абразамі Радасных таямніц, каб памаліцца Ружанец. На заканчэнне адпусту ўрачыста і прыгожа гучаў у святыні гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Пасля благаслаўлення кс. Аляксандр Лебядзевіч падзякаваў кс. Віталію Дабраловічу за мудрыя словы навукі, а прысутным вернікам і гасцям парафіі – за шчырую супольную малітву і падрыхтоўку да ўрачыстасці.
Людміла Пясецкая