25 верасня ў Індуры (дэканат Гродна-Захад) адзначаўся юбілей 500-годдзя з часу заснавання мясцовай парафіі.
З гэтай нагоды ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы адбылася ўрачыстасць. На ёй сабраліся шматлікія вернікі, тыя, хто нарадзіўся ў гэтым мястэчку, і госці, сярод якіх быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пробашч кс. Павел Астукевіч прывітаў усіх прысутных і прадставіў даклад пра гісторыю парафіі, які ўтрымліваў некалькі цікавых фактаў.
Святар звярнуў увагу, што ўпершыню пра парафію ў Індуры ўзгадваецца ў вопісе парафій і касцёлаў з візітацыі ў Віленскай дыяцэзіі 1522 г., падрыхтаваным кс. прэлатам Янам Альбінусам. Менавіта ў гэтым годзе маршалак Вялікага княства Літоўскага Ян Давойна ўфундаваў у Індуры першы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, а ў 1546 г. ізноў ахвяраваў сродкі на яго аднаўленне і забеспячэнне.
Амаль праз тры стагоддзі, у 1815 г., пробашч кс. Радзевіч разам з парафіянамі пабудаваў у цэнтры вёскі Індура мураваную святыню, якая замяніла драўляную. У 1854 г. касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы кансэкраваў біскуп Віленскі Вацлаў Жылінскі.
У пачатку ХХ ст. намаганнямі кс. Напалеона Сабалеўскага і парафіянаў касцёл быў значна рэканструяваны ў эклектычным стылі з рысамі неабарока і неакласіцызму.
Сярод цікавых звестак кс. Павел паведаміў, што азначае назва “Індура”: нягледзячы на розныя легенды, больш верагодна, што яна паходзіць ад лацінскага слова induro, якое ў перакладзе значыць “рабіць цвёрдым, загартоўваць”.
Святар дадаў, што да юбілею парафія рыхтавалася доўга, гэта ўключала і духоўную падрыхтоўку, але таксама старанную працу, каб касцёл і яго наваколле выглядалі прыгожа. Сярод значных дасягненняў апошняга года была рэалізацыя праекту новай аўтастаянкі перад касцёлам і новых сцежак да яго. Усё гэта, падкрэсліў пробашч, здзяйсняецца дзякуючы сістэматычнай працы і ахвяраванням парафіян і некалькіх добрых спонсараў і дапамозе мясцовага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя Дзеньшчыкава.
Святар заахвоціў прысутных дзякаваць на Эўхарыстыі за дары і ласкі, якія атрымалі ад Бога жыхары Індуры і ўсе вернікі, што належаць да гэтай парафіяльнай супольнасці. Пробашч заклікаў таксама да асаблівай малітвы ў інтэнцыі маладога пакалення вернікаў, каб, нягледзячы на разнастайныя цяжкасці, вера захоўвалася і перадавалася нашчадкам.
Імшу падзякі з удзелам запрошанага духавенства ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх нагадаў, што веруючы чалавек кожную хвіліну жыцця, кожную сітуацыю, якую перажывае, кожную падзею, удзельнікам якой стаў, павінен успрымаць як нагоду праславіць Бога.
Біскуп адзначыў, што ў дзень гэтай цудоўнай урачыстасці перад вачыма яе ўдзельнікаў “стаяць незлічоныя пакаленні продкаў, якія тут жылі, працавалі, праслаўлялі Пана Бога сваім штодзённым жыццём і па меры магчымасцяў імкнуліся да евангельскай дасканаласці, перамагаючы ў сабе зло і выбіраючы дабро”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што ў гэтым іх падтрымлівалі Божая ласка, тое, што яны слухалі Евангелле і стараліся жыць паводле яго, прымалі Цела Хрыста, прыступалі да святых сакрамэнтаў.
Па словах біскупа, за гэтыя 500 гадоў свет вельмі змяніўся, Індура выглядае зусім інакш, чым раней, іншымі сталі знешні выгляд і стыль жыцця яе насельніцтва, нават будынак касцёла сёння ўжо іншы, але адвечная праўда, якая прысутнічае ў Божым слове, засталася і заўсёды застанецца нязменнай.
“Гэтыя спрадвечныя, нязменныя праўды веры, на якіх мы, хрысціяне, будуем наша жыццё, мы атрымалі ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў, а яны, у сваю чаргу, ад мінулых пакаленняў”, – сказаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што юбілейная ўрачыстасць – выдатная нагода і запрашэнне падзякаваць Пану за сваіх продкаў, якія перадалі нам у духоўную спадчыну найкаштоўнейшы дар веры.
“Тым, што сёння мы ў гэтым касцёле, што слухаем Божае слова і ўдзельнічаем у Эўхарыстыі, мы ўдзячныя нашым продкам, якія жылі верай кожны дзень, здолелі яе захаваць і перадаць”, – заўважыў іерарх.
Біскуп дадаў, што продкі не змарнавалі жыцця, пражылі яго мудра, бо разумелі, што з’яўляецца найважнейшым, і рабілі правільны выбар: “Яны сваімі мудрымі паводзінамі, жыццём на фундаменце веры і выбарам праўдзівых каштоўнасцяў узбагацілі таксама нас, якія крочым іх слядамі”.
На заканчэнне Імшы біскуп падзякаваў пробашчу кс. Паўлу Астукевічу і вікарыю кс. Антонію Адамовічу за клопат пра даручаных ім вернікаў і штодзённае святарскае служэнне, а законніцам Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – за шматгадовае служэнне і вялікі ўнёсак у катэхізацыю маладых пакаленняў індурскай парафіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі