11 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў асвячэнне новага касцёла Святой Сям’і ў Верцялішках (дэканат Гродна-Усход).
Парафія ў аграгарадку была заснавана ў 2006 г. па ініцыятыве мясцовых католікаў, якія хацелі мець уласную святыню. Будаўніцтва касцёла пачалося ў 2007 г.
На ўрачыстасці асвячэння сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прысутнічалі святары, сярод якіх былі таксама аднакурснікі пробашча парафіі кс. Яўгена Барысюка, і сёстры Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі).
На пачатку ўрачыстасці біскупа прывіталі каля дзвярэй святыні. Вернікі сімвалічна перадалі іерарху ключы ад касцёла, якімі ён тройчы ўдарыў па дзвярах. Затым прысутныя ўвайшлі ў працэсіі ў касцёл.
Біскуп благаславіў ваду і акрапіў ёю вернікаў, якія ўтвараюць духоўную святыню, а таксама акрапіў сцены касцёла і алтар.
Пасля спеву Літаніі да ўсіх святых іерарх прамовіў малітву асвячэння. Настала хвіліна намашчэння святым алеем алтара і сцен.
Намашчэнне сцен святыні – знак таго, што Касцёл дасягае ўсіх куткоў свету і кожнага чалавека. Гэтыя месцы адзначаны “закхeйкамі” – шасцю крыжамі на памяць пра ўрачыстасць асвячэння.
Затым біскуп акадзіў алтар, унутранае памяшканне і вернікаў. На накрытым белым абрусам алтары адбылася святая Імша – найважнейшая частка абраду асвячэння.
У гаміліі рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі казаў пра значэнне касцёла ў жыцці чалавека. Па словах святара, новы касцёл быў пабудаваны “не як помнік гісторыі, а для таго, каб жыць”, і павінен стаць сэрцам парафіі.
Рэктар семінарыі адзначыў, што з асвячэннем касцёла, узведзенага дзякуючы ахвярнасці парафіян і людзей добрай волі, “супольнасць будуе будучыню”.
“Ад кожнага з вас залежыць спадчына, якую вы перадасце сваім нашчадкам”, – падкрэсліў святар, дадаўшы, што, акрамя матэрыяльнай спадчыны, вельмі важна перадаць духоўную.
У канцы гаміліі святар пажадаў, каб гэты касцёл стаў “месцам жыцця”.
На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што асвячэнне касцёла – не толькі знешні акт, які завяршае складаныя працы па яго будаўніцтве, але і вельмі важны літургічны акт, праз які ўзведзены вернікамі будынак публічна і ўрачыста прызначаецца быць святыняй Бога, каб у ёй збіралася мясцовая супольнасць хрысціян.
“Кожная святыня – гэта знак таго, што ў дадзенай мясцовасці жывуць вернікі, католікі і вызнаўцы Езуса Хрыста. Гэта знак таго, што насенне Евангелля, пасеянае стагоддзямі таму на нашых землях і ў сэрцах нашых продкаў, усё яшчэ жыве, працягвае расці і дае багатыя ўраджаі”, – сказаў іерарх.
Па яго словах, кожная святыня – таксама сведчанне таго, што тыя, хто пабудаваў яе, жывуць не толькі хлебам, што духоўныя каштоўнасці для іх важныя, што паводле старажытнай традыцыі, як рабілі продкі, яны здольныя ахвяраваць Богу ўсё лепшае і прыгажэйшае.
Іерарх падзякаваў пробашчу і вернікам за працу ўзвядзення святыні, што з’яўляецца сведчаннем іх любові да Хрыста і Яго Касцёла.
Асаблівым чынам пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў старшыні сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Прагрэс-Верцялішкі” Васілю Равяку за аказаную дапамогу і велізарны ўклад у будаўніцтва гэтага прыгожага касцёла. Дзякуючы яго вялікай ахвярнасці, дабрыні, адкрытасці і падтрымцы святыня адчыніла свае дзверы.
Біскуп выказаў падзяку таксама ўсім, хто розным чынам падтрымліваў будаўніцтва касцёла, які застанецца прыгожай памяццю для будучых пакаленняў.
Іерарх звярнуўся да вернікаў з просьбай: “Збірайцеся ў гэтым касцёле ў нядзелі і святы, у звычайныя дні і вялікія ўрачыстасці, каб тут заўсёды прысутнічаў Бог са сваім словам, з дарам сваёй ласкі, са святымі сакрамэнтамі, з бязмежнасцю сваёй любові і міласэрнасці”.
Біскуп пажадаў, каб гэтая святыня нагадвала ўсім, каго належыць слухаць у жыцці, да каго скіроўваць просьбы, ад каго чакаць дапамогі і жаданых дароў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Галіна Валюшка