Skip to main content

За сёлетнія плады зямлі дзякавалі на адпустовай урачыстасці ў Дзятлаве з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча

dziatlowo 115 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве, дзе пастырскае служэнне нясуць салезіяне, адбылася адпустовая Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. На ўрачыстасці прысутнічалі копіі цудадзейных абразоў Божай Маці з беларускіх санктуарыяў.

Шматлікіх удзельнікаў урачыстасці прывітаў пробашч парафіі кс. Здзіслаў Пікула SDB. Святар адзначыў, што ў адпаведнасці з традыцыяй у гэты дзень вернікі дзякуюць Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, Апякункі парафіі, за сёлетнія плады.

dziatlowo 2

У сувязі з гэтым парафіяне падрыхтавалі дажынкавыя вянкі, якія паклалі ля алтара, дзякуючы такім чынам за плады зямлі і просячы Пана захаваць нашу краіну і ўвесь свет ад голаду.

Арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі падкрэсліў, што, хаця гісторыя збаўлення канцэнтруецца на асобе Езуса Хрыста, тым не менш яна цесна звязана з асобай Марыі. Калі Езуса называюць другім Адамам, то Марыю – другой Евай, і як гісторыя грэхападзення ўключае Еву, так гісторыя збаўлення – Марыю.

Іерарх звярнуў увагу, што ёсць шмат супрацьлеглых паралеляў паміж Адамам і Евай з аднаго боку і Езусам і Марыяй – з другога. Бог стварыў Еву з рабра Адама, Езус атрымаў цела з Марыі. Ева не паслухала Бога, Марыя сказала Яму “Так”. Адам і Ева былі выгнаны з раю, Езус і Марыя ўвайшлі ў радасць неба.

dziatlowo 3

Каталіцкі Касцёл вучыць, нагадаў іерарх, што пасля завяршэння зямнога жыцця Марыя была ўзята ў неба з душой і целам. Гэта азначае, што цяпер у небе знаходзяцца целы і душы дваіх людзей – Езуса і Марыі. Без Унебаўзяцця жанчыны Марыі мужчына Езус быў бы адзіным, хто дасягнуў радасці неба праз сваё Унебаўшэсце, у той жа час Унебаўзяцце Марыі сведчыць аб роўнасці мужчыны і жанчыны ў Божых вачах, дадаў арцыбіскуп.

Ён падкрэсліў, што Унебаўзяцце Марыі – Божая ўзнагарода Ёй за ахвярнае супрацоўніцтва ў Божым плане збаўлення чалавецтва. Таму, адзначыў іерарх, трэба дзякаваць Пану за дар духоўнай Маці і прасіць Яе дапамагчы знайсці наш асабісты жыццёвы шлях, адпаведны Божаму плану.

dziatlowo 4

“Наша місія – не толькі жыць духам Евангелля, але і не дазволіць, каб ён выпарыўся з нашага жыцця і каб пачалася эрозія веры”, – сказаў арцыбіскуп. Па яго словах, каб гэтая місія была плённай, неабходна браць прыклад з Марыі і на кожны заклік Бога адказваць згодай. Іерарх пажадаў вернікам, каб да гэтага заахвоціла выстава копій цудадзейных абразоў Божай Маці з беларускіх санктуарыяў, якая праходзіць у дзятлаўскім касцёле.

На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч падзякаваў за супольную малітву ўсім прысутным: парафіянам, гасцям і прадстаўнікам мясцовай улады, якія таксама ўдзельнічалі ў адпустовай урачыстасці.

dziatlowo 5

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі