15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у маленькай вёсачцы Дуды на працягу многіх дзесяцігоддзяў праходзіць фэст у гонар Маці Божай. У гэты дзень вернікі з усяго наваколля імкнуцца ў Дуды, каб перад абразом Марыі выказаць свае просьбы і падзякі.
Адметнасцю сёлетняй урачыстасці было тое, што ў гэтым годзе мясцовы касцёл адзначае 250-годдзе свайго заснавання, а таксама пасля двухгадовага перапынку аднавіліся арганізаваныя пілігрымкі з Іўя. 87 пілігрымаў прайшлі кароценькім паломніцтвам, якое склала 6 кіламетраў і заняло паўтары гадзіны. З-за пандэміі каранавірусу пілігрымаванне было пастаўлена на паўзу, але многіх гэта не спыніла, людзі прыбывалі на фэст у індывідуальным парадку: на аўтамабілях і роварах, а некаторыя сем’ямі альбо малітоўнымі групамі пешкі.
На пачатку ўрачыстасці пробашч дудскай парафіі ксёндз Вячаслаў Матукевіч прывітаў усіх прысутных: парафіян, духоўных асобаў, пілігрымаў, якія не толькі прыйшлі пешкі, але і прыязджалі на роварах ці аўтамабілях з наваколля.
Таксама сваёю думкаю аб урачыстасці падзяліўся з прысутнымі ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч. Ён успомніў, як праходзіла яго дзяцінства ў гэтым касцёле, і выказаў радасць, што іўеўская зямля мае святыню ў гонар Маці Божай.
Над Божым словам з вернікамі разважаў ксёндз Віталій Сідорка. Ён успомніў гісторыю ўрачыстасці і заахвоціў кожнага ісці за Езусам па прыкладзе Марыі.
Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім дэкан Іўеўскага дэканату ксёндз канонік Віктар Субель дзякаваў за існаванне на Іўеўшчыне такога месца паломніцтва, як дудская святыня. Затым адбылася працэсія вакол касцёла і благаслаўленне зёлак і рэлігійных рэчаў.
Пробашч падзякаваў парафіянам за падрыхтоўку да фэсту, а гасцям – за працяг традыцыі. “За гісторыю касцёла ў два з паловай стагоддзі ніхто не ведае, калі пачаўся рух пілігрымаў у Дуды, але кожнае пакаленне працягвала справу сваіх продкаў. Кожнае пакаленне ведала, што іх продкі прыходзілі сюды. Людзі з суседніх парафій, вёсак і мястэчак імкнуліся патрапіць у Дуды, дабіраліся пешкі, коньмі, роварамі, аўтамабілямі, пераадольвалі рэкі і лясы. І ад таго, як мы выхаваем новае пакаленне, залежыць, як яно будзе адносіцца не толькі да гэтай урачыстасці, але і да Бога”, – сказаў святар.
З гісторыі касцёла
Першы касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах быў пабудаваны ў XVІ стагоддзі. З інвентара касцёла вядома, што ў яго галоўным алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Сакальскай, аздоблены дзвюма вотумамі. У 1732 годзе ксёндз Уладзіслаў Мацкевіч пабудаваў новы касцёл, у галоўным алтары якога таксама знаходзіўся абраз Маці Божай Сакальскай. Ужо ў 1757 годзе ля яго знаходзілася 72 вотумы і яшчэ больш за 100 – каля іншых абразоў.
Цяперашні касцёл быў узнесены ў 1772 годзе коштам дудскіх старастаў Гераніма і Барбары з Сулістроўскіх Зянковіча. Кансэкраваны ён быў пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча 28 верасня 1773 года. У ім на галоўным алтары таксама змяшчаўся абраз Маці Божай Сакальскай.
Таму можна лічыць, што ўрачыстасці ў Дудах маюць глыбокія карані, а абраз Маці Божай – вялікую павагу сярод вернікаў.
(Па матэрыялах даследвання Марты Галабэк)
Раман Ярмош