Моладзь лідскай парафіі Святой Сям’і прыняла ўдзел у рэкалекцыях, якія прайшлі ў Няцечы. Тэмай рэкалекцый былі сем галоўных грахоў.
На працягу шасці дзён шматлікія маладыя людзі разважалі над сваім духоўным жыццём разам са святарамі, законнай сястрой і семінарыстам. Вялікая колькасць тэм, якія ўзнімаліся падчас канферэнцый, малітваў і разважанняў над Божым словам, хутка адгукаліся ў сэрцах хлопцаў і дзяўчат, і кожны меў магчымасць выказаць сваю думку або спытаць пра тое, што зацікавіла.
Цэнтрам кожнага дня духоўных практыкаванняў была святая Імша, на якую збіраліся ўдзельнікі рэкалекцый і вернікі мясцовай парафіі, як адна сапраўдная сям’я. Акрамя гэтага, дні былі насычаны іншымі яркімі момантамі: вечар ля вогнішча, спевы пад гітару, танцы, гульні і розныя конкурсы, якія аб’ядноўвалі маладых людзей. Дзень завяршаўся ў касцёле, дзе кожны мог адкрыць Богу тое, што было ў ягоным сэрцы.
Аб’яднаныя Езусам, удзельнікі рэкалекцый за гэты кароткі час яшчэ больш пасябравалі, нягледзячы на розны ўзрост, розныя погляды і інтарэсы. Арганізатары спадзяюцца, што духоўныя практыкаванні прынеслі шмат пладоў у жыцці кожнага ўдзельніка.
Дзмітрый Роўны