З 31 ліпеня па 6 жніўня адбыліся рэкалекцыі для сем’яў руху Gloriosa Trinita парафіі Святой Сям’і ў Лідзе.
Духоўныя практыкаванні праходзілі ў рэкалекцыйным доме пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку пад духоўным кіраўніцтвам пробашча лідскай парафіі кс. Руслана Мазана.
На працягу шасці дзён удзельнікі засяроджваліся і разважалі над тэмай еднасці, вернасці, любові, а таксама адказнасці за сваю сям’ю і парафію. Кожны дзень бацькі разам са сваімі дзецьмі ўдзельнічалі ў святой Імшы, слухалі канферэнцыі, маліліся Ружанец і Вяночак да Божай Міласэрнасці, а вечарам праслаўлялі Пана Езуса падчас эўхарыстычнай адарацыі.
Вольны час сем’і прысвячалі на наведванне гістарычных месцаў Навагрудка і ваколіц. Кожны дзень крэатыўныя сужэнцы ладзілі вясёлы вечар або проста збіраліся разам за праглядам фільма.
Вельмі сімвалічнай і значнай падзеяй стала аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, што з’яўляецца адным з галоўных пунктаў рэкалекцый і адбываецца ў апошнія дні сустрэчы. У момант аднаўлення прысягі на тварах сужэнцаў былі радасць, хваляванне і слёзы. Пасля гэтай радаснай падзеі адбылася ўрачыстая вячэра са святочным тортам, як у дзень шлюбу.
Варта адзначыць, што гэты абрад за мінулыя гады стаў самым любімым і чаканым для ўдзельнікаў рэкалекцый, і таму на яго прыехалі нават тыя сем’і, якія не змаглі прысутнічаць на іх усе шэсць дзён.
Aндрэй Юхнік