31 ліпеня – 1 жніўня ў Навагрудку адбылося малітоўнае чуванне ў 79-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, забітых падчас Другой сусветнай вайны.
Чуванне прайшло ў касцёле Перамянення Пана, некалькі гадоў таму абвешчаным санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі благаслаўлёных сястры Стэлы і яе дзесяці паплечніц.
Усю ноч вернікі на чале з законніцамі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта трывалі ў малітве. У ёй удзельнічалі таксама тыя, хто прыбыў у пешай пілігрымцы з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія).
У межах чування ўдзельнікі слухалі канферэнцыі, маліліся Вяночак да благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе паплечніц, мучаніц з Навагрудка, адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт, разважалі над стацыямі Крыжовага шляху.
Чуванне завяршылася ў 4.30 святой Імшой. Менавіта ў гэты час 79 гадоў таму назарэтанкі былі расстраляны ў Батароўскім лесе пад Навагрудкам.
Узначаліў Імшу пробашч катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне кс. канонік Ян Кучынскі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі