Skip to main content

“З Марыяй да супакою і еднасці”: пачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў Тракелях

trokeli start 249 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) пачаліся дыяцэзіяльныя ўрачыстасці. Сёлета дэвіз урачыстасцяў – “З Марыяй да супакою і еднасці”.

Як і кожны год, невялікая вёска каля Ліды напоўнілася шматлікімі пілігрымамі рознага ўзросту, з розных месцаў маляўнічай Гродзеншчыны і іншых месцаў Беларусі.

Пілігрымы прыбылі пешкі, на роварах, аўтамабілях або арганізаванымі групамі на аўтобусах да цудатворнага абраза Марыі з Езусам на руках і святым каралевічам Казімірам, які кленчыць побач.

Сёлета пілігрымы ў санктуарыі асаблівым чынам моляцца аб міры ва ўсім свеце, найперш у тых месцах свету, дзе адбываюцца канфлікты і ідуць войны. Таксама ў гэтым годзе пілігрымы моляцца аб адзінстве ў сваіх сем’ях, у грамадстве і ў кожным народзе.

trokeli start 26

Праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці яны дзякуюць Богу за сваю сям’ю, у якой чалавек прыходзіць у свет і сталее, выхоўвае рысы характару і вучыцца жыццю. Таксама яны просяць, каб Маці Божая аберагала сем’і ад пагрозаў, якія нясе сучасны свет; каб атачыць малітвай усе разбітыя сужэнствы і тыя, якія змагаюцца з многімі праблемамі.

Прысутныя моляцца і ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, каб на нашай зямлі не было недахопу ў руплівых святарах і адданых Пану да канца асобах кансэкраванага жыцця, якія будуць святлом для сённяшняга секулярызаванага свету.

Пілігрымаў з радасцю прывітаў кусташ святыні кс. канонік Юрый Бяганскі, які за мінулы год разам са сваімі парафіянамі і пры ўдзеле людзей добрай волі змяніў выгляд санктуарыя. Сёння тут знаходзіцца не толькі цудадзейны абраз Маці Божай, але і прыгожы парк, дзе можна адпачыць і задумацца над сэнсам свайго жыцця.

Наш дыяцэзіяльны санктуарый сёння можна назваць духоўным санаторыем, дзе чалавек зможа сустрэцца з Богам і Яго Маці, спазнаць цішыню і супакой, а найперш умацавацца духам і ўмацаваць сваю веру. I сапраўды, шмат людзей прыбывае сюды ў групах і індывідуальна, не толькі на ўрачыстасці, але і ў звычайныя дні, каб у засяроджанасці і цішыні ўслухацца ў голас свайго Стварыцеля і адчуць спакой і моц.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Сяліцкая