26 чэрвеня арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Заневічах (Бераставіцкі дэканат).
На Імшы шматлікія прысутныя парафіяне і госці маліліся аб дары вечнага жыцця для двух спачылых святароў – ксяндза прэлата Ежы Стэцкевіча і айца Казіміра Жыліса SI, якія засталіся ў гісторыі мясцовай парафіі.
Таксама на Эўхарыстыі арцыбіскуп Кандрусевіч благаславіў дзве мемарыяльныя дошкі, усталяваныя ў гонар святароў, адзін з якіх належаў да гэтай парафіі, а другі шмат зрабіў для пастырскай апекі і аднаўлення рэлігійнага жыцця ў Заневічах.
У гаміліі арцыбіскуп казаў пра безумоўную адданасць і вернасць пакліканню гэтых святароў.
„Айцец Казімір Жыліс быў езуітам, і калі ў Беларусі адчуваўся вялікі недахоп святароў, ён прыехаў служць у Індуру. Пры гэтым абслугоўваў шмат іншых парафій, у тым ліку і асірацелую пасля смерці ксяндза Юзафа Мацяеўскага каталіцкую супольнасць у Заневічах, – нагадаў іерарх. – Ён клапаціўся не толькі пра матэрыяльны стан давераных яго апецы касцёлаў, але перадусім пра духоўнае дабро душаў і пра справу паклікання. З-пад яго рукі выйшаў не адзін святар, у тым ліку і сённяшні Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт арцыбіскуп Юзаф Станеўскі”.
Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што айцец Жыліс першым распачаў відэадакументацыю адраджэння Касцёла на Беларусі, стварыўшы неацэнную хроніку гэтага працэсу.
Іерарх нагадаў, што заневіцкая парафія – родная для двух святароў, братоў-блізнятаў Ежы і Андрэя Стэцкевічаў, Папскіх прэлатаў. Ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч таксама ўдзельнічаў у гэтай Імшы.
Aрцыбіскуп адзначыў, што ксёндз Ежы ў 1991 годзе, а ксёндз Андрэй у 1993 годзе прыехалі працаваць у Расію. Ксёндз Ежы прысвяціў сваё служэнне адраджэнню Касцёла ў Калінінградзе і Калінінградскай вобласці. Дзякуючы яму ў Калініградзе быў пабудаваны касцёл святога Адальбэрта (Войцеха) і комплекс будынкаў пры ім, ён заснаваў тэалагічны каледж, выдавецтва, мясцовую структуру дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, арганізоўваў пілігрымкі да меркаванага месца мучаніцкай смерці святога Адальбэрта і рабіў шмат іншага.
„Гэты руплівы душпастыр стаў жывой іконай Касцёла ў Калініградскім рэгіёне, паважаным не толькі католікамі, але і ў асяроддзі вернікаў іншых веравызнанняў і ў грамадзянскай супольнасці”, – сказаў іерарх.
Арцыбіскуп эмерыт нагадаў, што ксёндз Ежы паспрыяў і адраджэнню Касцёла на Беларусі, часта прыязджаў, дапамагаў аднаўляць касцёл у Заневічах, разам з братам Андрэем пабудаваў у гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай, заснавальніцы кангрэгацыі сясцёр Езуса Змёртвыхпаўсталага, капліцу ў Абрамшчыне недалёка ад Заневічаў і зрабіў шмат іншых добрых спраў на ніве Пана.
Па словах іерарха, святары Казімір Жыліс і Ежы Стэцкевіч пакінулі як заўважны матэрыяльны, так і глыбокі духоўны след у справе адраджэння Касцёла на Беларусі.
„Яны верна і да канца служылі Богу, Касцёлу і вернікам, пакуль хвароба каранавірусу не стала прычынай іх смерці, – адзначыў арцыбіскуп. – Айцец Казімір памёр у Варшаве і там пахаваны. Ксёндз Ежы памёр у Калініградзе і пахаваны там пры пабудаваным ім касцёле святога Адальбэрта. Удзячныя за яго ахвярную працу вернікі напісалі на помніку на яго магіле вельмі прыгожыя і кранальныя словы на рускай мове: „Ушёл, чтобы остаться“. Айцец Казімір і ксёндз Ежы адышлі, каб застацца ва ўдзячнай памяці людзей”.
„Няхай мемарыяльныя дошкі ў іх памяць нагадваюць аб нашым абавязку адказваць „так“ на кожны Божы заклік і заставацца вернымі свайму пакліканню, бо ў гэтым наша шчасце, а добры і міласэрны Бог няхай прыме іх у сваё Валадарства”, – сказаў арцыбіскуп.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. Алег Канановіч падзякаваў усім за памяць пра спачылых святароў, якія зрабілі столькі дабра для мясцовай парафіяльнай супольнасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі