18 чэрвеня ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія заканчэння навучальнага года.
На малітве ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) сабраліся адміністрацыя, выкладчыкі і навучэнцы каледжа.
Прысутнічалі таксама сёлетнія выпускнікі, маючы вялікую ўдзячнасць у сэрцы. У гэты дзень яны пасля некалькіх гадоў навучання, паспяховай здачы ўсіх экзаменаў і напісання заліковых прац атрымалі дыпломы і, магчыма, у будучыні стануць дапамагаць дзецям і моладзі пазнаваць і любіць Езуса Хрыста і Ягоны Касцёл.
Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, цэлебруючы яе ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае супольнасць гэтай навучальнай установы: адміністрацыі, выкладчыкаў, навучэнцаў і выпускнікоў.
У гаміліі біскуп адзначыў, што перад навучэнцамі каледжа час адпачынку ад лекцый і экзаменацыйнай сесіі, а таксама час, калі яны могуць будаваць Божае Валадарства ў сваіх парафіях і сем’ях, на месцах сваёй працы, у сваім асяроддзі. Як заўважыў іерарх, “кожны хрысціянін з’яўляецца вестуном Божага Валадарства, прапаведнікам Добрай Навіны, правадыром на дарозе да вечнага жыцця для тых, якія былі нам даручаны Касцёлам і грамадствам”.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі дадаў, што сеяць і ўкараняць Божыя праўды aсабліва пакліканы тыя, якія глыбей пазналі гэтыя праўды, а таксама тэалагічныя навукі, асновы сямейнай этыкі, псіхалогіі, педагогікі, катэхетыкі, каталіцкага сацыяльнага вучэння і іншыя дысцыпліны згодна з касцёльнымі нормамі.
Іерарх падкрэсліў, што, каб выканаць гэта, недастаткова мець дыплом аб заканчэнні тэалагічнага каледжа, недастаткова валодаць інфармацыяй і ведамі, атрыманымі ў ім.
“У першую чаргу патрэбныя “агонь”, “віхар” і “святло” Духа Святога, каб з адвагай і руплівасцю дзяліцца з іншымі сваёй верай і Богам; каб прывесці іншых да сустрэчы з Езусам Хрыстом і адкрыцця Яго прысутнасці тут і цяпер”, – сказаў біскуп.
Па яго словах, гэтая місія нялёгкая, бо патрабуе актыўнай працы, паглыблення свайго духоўнага жыцця і няспыннага ўдасканальвання.
“Недастаткова гаварыць іншым пра Бога. У першую чаргу трэба гаварыць да Яго. Трэба размаўляць з Богам, з малітвы чэрпаць сілу, каб быць здольным пасля дапамагаць іншым у справах веры”, – звярнуў увагу іерарх.
На заканчэнне гаміліі біскуп заклікаў усіх прысутных прасіць Бога ў сваіх штодзённых малітвах аб ласцы паслухмянасці Святому Духу, які прамаўляе ў сэрцах, у жыццёвых сітуацыях, у жыцці Касцёла і хрысціянскіх супольнасцяў.
“Прасіце Духа Святога, каб сышоў на вас, бо Ён служыць таму, каб жыць добра, жыць мудра і з любоўю, выконваючы Божую волю”, – падсумаваў іерарх.
Пасля Імшы біскуп разам з дырэктарам каледжа кс. канонікам Юрыем Марціновічам і намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы а. канонікам Андрэем Шчупалам CSsR уручылі выпускнікам дыпломы, якія сведчаць, што яны скончылі навучанне. Сёлета дыпломы атрымалі 13 чалавек.
Іерарх выказаў словы ўдзячнасці адміністрацыі каледжа за клопат аб функцыянаванні гэтай навучальнай установы, аб адпаведнай і ўсебаковай фармацыі навучэнцаў, забеспячэнні як мага лепшых умоваў для здабывання ведаў.
Таксама ён падзякаваў выкладчыкам, сярод якіх духоўныя і свецкія асобы, за сістэматычнае перадаванне ведаў на працягу года на лекцыях, правядзенне практычных заняткаў і асабістае сведчанне веры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі