З 13 па 17 чэрвеня ў Гудагаі быў арганізаваны летні адпачынак для падлеткаў са смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла.
Сабраныя разважалі над тэмай “Будуем свой духоўны дом – сэрца”.
На працягу пяці дзён арганізатары дапамагалі хлопцам і дзяўчатам зразумець тэмы кожнага дня праз уводнае слова і працу ў групах.
Разважалі пра пазнанне самога сябе. Было адзначана, што чалавек павінен паглядзець на сябе і ўбачыць сваё сапраўднае “Я”.
Таксама задумаліся пра паглыбленне сваіх адносінаў з Богам, пра тое, што ў гэтым дапамагае, і пра тое, ці сапраўды Бог з’яўляецца аўтарытэтам. Спрабавалі зрабіць свой духоўны план.
У адзін з дзён адпачынку на размову з падлеткамі была запрошана педагог-псіхолаг Вераніка Рогач ASC, якая правяла сустрэчу на тэму “Я і мае адносіны з іншымі”. Праз розныя цікавыя дынамікі, працу ў групах, размову ўдзельнікі змаглі больш даведацца пра сяброўства, пра тое, як быць добрым сябрам і правільна будаваць адносіны з іншымі ў гэтым узросце.
З дапамогай святой Імшы, якую цэлебравалі айцы кармэліты з Гудагая, і асабістай малітвы падлеткі мелі магчымасць паразважаць над сваім жыццём і зрабіць маленькія крокі ў будучыню.
Хлопцам і дзяўчатам былі прапанаваны цікавыя гульні, гурткі, штодзённы вясёлы вечар, калі кожны мог чамусьці навучыцца, даведацца штосьці новае, знайсці новых сяброў.
Адпачынак завяршыўся падзякай усім, хто ў ім ўдзельнічаў і хто яго арганізаваў.
С. Валянціна Кот FMA