14 чэрвеня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша на заканчэнне 2021/2022 навучальнага года. Гэты год у гісторыі навучальнай установы быў трыццаць другім па ліку.
Эўхарыстыю ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Імшы ўдзельнічалі выкладчыкі і свецкія супрацоўнікі семінарыі, а таксама самі студэнты.
Усіх прысутных прывітаў рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі. Святар адзначыў, што гэты радасны дзень дае магчымасць зірнуць на пройдзены шлях, які ў семінарыйнай фармацыі вядзе да Хрыстовага алтара.
У гаміліі кс. канонік Антоні Грэмза, выкладчык семінарыі і віцэ-канцлер Гродзенскай курыі, казаў пра важнасць правільнага выкарыстання часу, які дае кожнаму чалавеку Бог.
На Імшы семінарысты дзякавалі Пану за чарговы год фармацыі, за ўсе дасягненні ў навуковай і духоўнай сферах, за ўсіх выкладчыкаў, якія з вялікай адданасцю і самапрысвячэннем стараліся перадаць ім як мага больш ведаў і дзяліліся жыццёвым вопытам.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падвёў вынікі навучальнага года, выказаўшы надзею, што кожны з семінарыстаў за гэты перыяд яшчэ больш навучыўся любіць бліжніх, цаніць і шанаваць тых канкрэтных людзей, якіх Пан Бог у сваім Провідзе паставіў на іх жыццёвым шляху.
Іерарх выказаў словы ўдзячнасці ўсім, якія сваім служэннем, працай і руплівасцю ўнеслі ўклад у дзейнасць гродзенскай Alma Mater. Ён падзякаваў рэктару, выхаваўцам і спаведнікам, выкладчыкам – духоўным і свецкім асобам – за працу перадачы ведаў студэнтам.
Семінарыстам пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў добра выкарыстаць час канікул, калі яны будуць на душпастырскай практыцы ў парафіях, здабываючы досвед для святарскага служэння.
Таксама біскуп пажадаў ім, каб гэты летні час праходзіў радасна і спакойна, быў нагодай даваць добрае сведчанне бліжнім, спрыяў паглыбленню і ўмацаванню асабістай духоўнай сувязі з Езусам Хрыстом.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Павел Леановіч