12 чэрвеня група моладзі парафіі Святой Сям’і ў Лідзе падзякавала Богу за час вучобы і шчаслівае заканчэнне школы.
Парафіяне-выпускнікі сабраліся на Эўхарыстыі, каб дзякаваць Пану за 11 гадоў навучання ў школе, на працягу якіх яны здабывалі патрэбныя веды, за здадзеныя экзамены і Божую падтрымку ў гэты перыяд.
Імшу ў інтэнцыі выпускнікоў цэлебраваў пробашч парафіі кс. Руслан Мазан. Маладыя вернікі і іх бацькі прасілі таксама святла Духа Святога на выбар жыццёвага шляху, асабліва ў той час, калі перад выпускнікамі стаіць задача зрабіць гэты важны выбар.
Пасля заканчэння школы маладыя людзі робяць вельмі значны крок у дарослае жыццё, ад якога залежыць увесь далейшы шлях. Святары благаславілі выпускнікоў на здзяйсненне гэтага кроку і пажадалі моцнай веры, Божай дапамогі і поспехаў у дасягненні мэтаў.
Андрэй Юхнік