21 мая парафіяльная супольнасць у Вялікіх Эйсмантах адзначала штогадовую адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Яна Непамука, свайго апекуна.
Адпустовую Імшу з удзелам духавенства дэканату Вялікая Бераставіца ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі 12 маладых людзей прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
На літургіі ў парафіяльнай святыні сабраліся шматлікія вернікі, каб у гэты выключны для парафіі дзень прасіць Пана Бога праз заступніцтва святога мучаніка Яна Непамука аб дарах, патрэбных ім самім, іх блізкім і ўсёй іх супольнасці. Святы Ян, які жыў у другой палове XIV стагоддзя ў Чэхіі, застаўся ў гісторыі як той, хто не паддаўся націску караля Вацлава, каб парушыць таямніцу споведзі.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, падкрэсліў вялікую адвагу апекуна парафіі, адзначыўшы, што сёння ад яго можна навучыцца многаму, асабліва ж гэтай адвазе, якая будзе праяўляцца ў штодзённым жыцці.
Біскуп Гродзенскі, звяртаючыся да тых, хто быў узбагачаны ў гэты дзень сямю дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, казаў аб важнасці малітвы ў жыцці чалавека. Іерарх падкрэсліў, што малітва – тое, што дапамагае кожнаму пераадольваць разнастайныя цяжкасці і перашкоды, якія чалавек сустракае на сваім шляху, а таксама вытрываць у веры.
Акрамя таго, пастыр дыяцэзіі заахвоціў моладзь шанаваць старэйшых, сваіх бацькоў, бо тыя перадалі ім веру – найвялікшае багацце кожнага чалавека.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. Алег Канановіч падзякаваў усім за прыбыццё, супольную малітву, а таксама выказаў падзяку маладым людзям за жаданне адкрыцца на дары Духа Святога, пра што сведчыла іх стараннасць у падрыхтоўцы да гэтай важнай у іх жыцці падзеі.
Адпустовая ўрачыстасць завяршылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і благаслаўленнем, якое ўдзяліў біскуп.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Андрэй Эйсмант