Skip to main content

Новыя міністранты з’явіліся ў гродзенскай парафіі Святога Духа

olszanka min 1У мінулую нядзелю ў гродзенскай парафіі Святога Духа адбылося прыняцце ў літургічную службу алтара новых міністрантаў. 14 хлопцаў увесь год рыхтаваліся да таго, каб быць бліжэй да Бога і дапамагаць святарам каля алтара.

olszanka min 5

Святую Імшу, на якой кандыдаты былі прыняты ў супольнасць міністрантаў, цэлебраваў пробашч парафіі ксёндз канонік Павел Салабуда. Таксама ён благаславіў комжы новых міністрантаў.

olszanka min 4

На дадзены момант у маладой парафіі Святога Духа на Альшанцы служыць каля алтара больш за 100 міністрантаў – як маленькіх хлопчыкаў, так і дарослых мужчын. Каб падрыхтаваць іх да служэння, кожны тыдзень арганізоўваюцца заняткі. Кожны месяц міністранта, які часцей за ўсіх прысутнічаў на Імшы і дапамагаў святару, чакае ўзнагарода. Для хлопцаў у парафіі праводзяцца дні засяроджання, экскурсіі, паездкі і розныя іншыя мерапрыемствы, на якіх дзеці і падлеткі могуць бліжэй пазнаёміцца і адпачыць у вясёлай кампаніі.

olszanka min 3

Парафія запрашае ўсіх хлопцаў, якія хочуць служыць Богу і людзям ля алтара, далучацца да ліку міністрантаў на Альшанцы. Запісацца можна ў сакрыстыі капліцы.

Наталля Лазоўская