6 мая ў парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабернардынскі касцёл) адбылося пахаванне ксяндза прэлата Ежы Лявінскага, шматгадовага выкладчыка Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, найстарэйшага святара ў нашай краіне.
Заслужаны святар у Гродзенскай дыяцэзіі і ўсім Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адышоў у вечнасць 3 мая ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), куды трапіў з-за пагаршэння стану здароўя днём раней.
Апошнія 32 гады яго дзейнасць была звязана з семінарыяй у Гродне, дзе ён жыў і спаўняў розныя функцыі.
У найстарэйшай каталіцкай святыні горада над Нёманам сабраліся шматлікія святары з усіх беларускіх дыяцэзій. Прыбылі таксама сёстры законныя, у дачыненні да многіх з якіх ксёндз прэлат ажыццяўляў сакрамэнтальнае служэнне і духоўнае кіраўніцтва, і ўдзячныя свецкія вернікі. Да самай смерці ксёндз Лявінскі кожны дзень наведваў пабернардынскі касцёл, дзе дапамагаў святарам служыць у канфесіянале.
Усе прысутныя дзякавалі Пану за дар жыцця руплівага святара, якога не толькі духоўныя, але і свецкія асобы часта называлі “апосталам Божай міласэрнасці” і “патрыярхам Гродна”.
Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які, калі быў рэктарам семінарыі ў Гродне, а затым дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, жыў насупраць ксяндза Лявінскага. Суседзі кожны дзень бачыліся і мелі шмат часу на размовы.
Эўхарыстыю канцэлебравалі між іншым арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і каля сотні святароў.
Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які найлепей ведаў спачылага. У 1990 г., калі ў Гродне з’явілася семінарыя, тагачасны біскуп Кандрусевіч запрасіў ксяндза Лявінскага працаваць у ёй і ўдзельнічаць у фармацыі будучых святароў, якіх на сённяшні дзень выйшла з яе больш за 200 і якія служаць у розных частках нашай краіны і за мяжой.
Арцыбіскуп эмерыт падкрэсліў, што ксёндз Ежы з першых дзён запомніўся як патрабавальны да сябе і да семінарыстаў выхаваўца, шмат сэрца ўклаў у фармацыю будучага духавенства, усталёўваў розныя кантакты, каб навучальная ўстанова магла развівацца і добра функцыянаваць.
На заканчэнне Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што служэнне ксяндза прэлата Лявінскага, якое доўжылася больш за 30 гадоў, упісалася залатымі літарамі ў гісторыю мясцовага Касцёла, пакінула прыгожы і трывалы след у памяці святароў, законных сясцёр, свецкіх вернікаў Гродна і наваколля.
Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч зачытаў спачуванні, дасланыя з нагоды смерці ксяндза прэлата.
Біскуп Сандамірскі (Польшча) Кшыштаф Ніткевіч, да дыяцэзіі якога належаў спачылы, у сваім лісце піша, што дзякуе Богу за ахвярнае служэнне ксяндза Лявінскага ў гэтай дыяцэзіі, і выказвае радасць, што ажыццявілася жаданне ксяндза прэлата спачыць у чаканні дня ўваскрасення сярод людзей, якім ён служыў.
Старшыня Таварыства дапамогі Касцёлу на Усходзе пры Сакратарыяце Канферэнцыі Біскупаў Польшчы біскуп Антоні Пацыфік Дыдыч адзначае, што ксёндз Лявінскі стаяў ля пачаткаў заснавання такой важнай і адзінай у тыя часы ўстановы, якой з’яўляецца Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, і жадаў да самай смерці заставацца сярод тых, каму прысвяціў 32 гады свайго святарскага жыцця, каб даваць ім маўклівае сведчанне вернасці Богу да канца.
Ксёндз канонік Раман Катлімоўскі, які шмат гадоў быў звязаны з Гродзенскай дыяцэзіяй, а зараз служыць у Польшчы, адзначыў, што менавіта ксёндз Лявінскі 20 сакавіка 1990 г. прывёз яго ў Гродна, дзе яны разам утваралі “аблічча духу” семінарыйнай супольнасці.
Рэктар семінарыі ў Гродне ксёндз Віталій Вайцяхоўскі падзякаваў усім удзельнікам літургіі за малітву ў інтэнцыі спачылага.
Рэктар падкрэсліў, што ксёндз Лявінскі назаўсёды застанецца ў памяці семінарыстаў і святароў, якія многім удзячныя яму, а яго смерць – вялікая страта для супольнасці гэтай навучальнай установы і нашага Касцёла.
Затым пахавальная працэсія накіравалася на старыя каталіцкія могілкі. Там адбылося пахаванне.
Дзякуючы Пану за дар жыцця ксяндза прэлата Ежы Лявінскага, асоба якога ўзбагаціла Касцёл на Гродзеншчыне і ва ўсёй нашай краіне, будзем прасіць добрага Бога адарыць яго жыццём вечным у небе!
Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 г. у Дзятлаве. Разам з сям’ёй быў вывезены ў Сібір. Вышэйшую духоўную семінарыю скончыў у Сандаміры (Польшча), у тым жа горадзе 29 мая 1955 г. біскуп Ян Лорка ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.
У савецкія часы ездзіў на душпастырскую працу ў Беларусь, Расію і Казахстан, дзе па меры магчымасці абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў Імшу, спавядаў.
Пасля шасці гадоў душпастырскага служэння быў накіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога абараніў кандыдацкую дысертацыю па кананічным праве.
З 1968 па 1990 гг. працаваў у дыяцэзіяльнай курыі ў Сандаміры. З пачатку існавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў яе выкладчыкам, некаторы час прэфектам.
З’яўляўся Ганаровым капеланам Яго Святасці, Грэміяльным канонікам Сандамірскага капітулу, Ганаровым канонікам Гродзенскага капітулу.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксей Ціхан