1 мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаўся Дзень маці. У гэты дзень на пачатку месяца, прысвечанага Панне Марыі, вернікі асаблівым чынам маліліся за ўсіх матуль – для жывых аб патрэбных ласках, для памерлых аб дары вечнага жыцця.
Ва ўсіх святынях дыяцэзіі адбыліся адмысловыя малітвы ў інтэнцыі маці. Урачыстая Імша ў гэтай інтэнцыі адбылася таксама ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат).
У гэтай гістарычнай святыні захоўваецца цудадзейная ікона Маці Божай Барунскай, адна з найбольш шанаваных на нашых землях з даўніх часоў. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з таго часу, як абраз з доўгіх вандровак вярнуўся на месца, якое абрала сабе Марыя.
У гэты дзень у барунскі санктуарый здзейснілі пілігрымку на аўтобусе вернікі маладой смаргонскай парафіі святога Яна Паўла ІІ – удзельніцы руху “Маці ў малітве” і іншыя парафіяне. Узначаліў пілігрымку пробашч парафіі кс. Яўген Учкуроніс.
Усе пілігрымы ехалі са сваімі інтэнцыямі: неслі падзякі за сваіх матуль, жывых і памерлых, падзякі за дар мацярынства, просьбы і малітвы да Пана праз заступніцтва Маці Божай Барунскай.
“Пане Божа, адары ўсімі патрэбнымі ласкамі нашых матуль, а тых, хто ўжо не з намі, прымі ў сваё Валадарства”, – прасілі ўдзельнікі пілігрымкі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі