Дзіцячыя галасы ў хоспісе – напэўна, адна з самых жыццесцвярджальных рэчаў у свеце. Яны кранаюць пацыентаў да глыбіні душы, выклікаючы ўсмешкі і слёзы радасці.
Гэта адна з прычын, чаму велікодны канцэрт дзіцячага хору гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай “Misterium” для пацыентаў хоспісу – штогадовая традыцыя. Падзяліцца па-дзіцячы шчырай радасцю і дапамагчы ўсміхнуцца невылечна хворым дарослым, падапечным “Цэнтра Дапамогі Жыццю” – вялікая добрая справа, да якой мае дачыненне кожны маленькі ўдзельнік хору.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй хор не выходзіць за тэрыторыю касцёла, а проста адчыняюцца дзверы, якія падзяляюць хоспіс і святыню. Атрымліваецца настолькі атмасферна, што, верагодна, гэтая адметнасць, выкліканая неабходнасцю, стане пастаяннай традыцыяй.
Прадстаўнікі “Цэнтра Дапамогі Жыццю” адзначаюць: “Адна пацыентка хоспіса не спала ўсю ноч, але настойліва папрасіла, каб яе выкацілі ў калясцы на канцэрт. Узбагаціўшыся добрымі эмоцыямі і вярнуўшыся ў палату, яна зараз жа заснула. Няма сумненняў, што музыка здольная на цуды.
Ёсць вельмі шмат спосабаў парадаваць тых, хто мае ў гэтым патрэбу, і гэта атрымліваецца нават у дзяцей. Вельмі важна вучыцца як мага часцей накіроўваць свае сілы і таленты ў добрае рэчышча. І тады магчымасці дапамогі невылечна хворым людзям бязмежныя”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі